Мікалаю Статкевічу не змянілі рэжым адбыцця пакарання



Палітвязню Мікалаю Статкевічу не змянілі рэжым адбыцця пакарання. Пра гэта ён паведаміў у лісце сваёй жонцы Марыне Адамовіч. На думку адміністрацыі шклоўскай калоніі, ён „не стаў на шлях выпраўлення”. „16-га студзеня выклікалі на камісію па замене рэжыму. Гэта праводзіцца без усялякіх заяў ад арыштантаў — калі тэрмін прыйдзе, — піша Статкевіч. — Вынік чаканы, але здзівіла фармулёўка. Палітвязень „не стаў на шлях выпраўлення”, таму што „не ўдзельнічаў у працы самадзейных арганізацый” і „ўхіляўся ад грамадскай працы”.

„Безумоўна, на такі шлях я не стаў, бо невінаватаму чалавеку гэта без патрэбы. А вось як у адзіночцы весці „грамадскую працу” і „ўдзельнічаць у арганізацыях — гэта пытанне”, — іранізуе ў лісце Статкевіч.

Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Мікалай Статкевіч адбывае пакаранне шасці гадоў пазбаўлення волі па абвінавачанні ў арганізацыі масавых беспарадкаў у дзень прэзідэнцкіх выбараў 19-га снежня 2010 года.

Беларускае Радыё Рацыя