Мікалаю Статкевічу працягнулі тэрмін утрымання



Апазіцыйнаму палітыку Мікалаю Статкевічу працягнулі тэрмін утрымання пад вартай яшчэ на два месяцы, паведаміла яго жонка Марына Адамовіч у „Фэйсбуку”.

„Працэдуру” выканалі. А маглі б і не хвалявацца, без працэдуры трымаць”, — напісала Адамовіч.

Статкевіч быў затрыманы 31 мая, калі накіроўваўся на пікет па зборы подпісаў за вылучэнне альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты ля Камароўскага рынку ў Менску. На наступны дзень суд пастанавіў арыштаваць яго на 15 сутак за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Падчас адбыцця пакарання яму прызначылі яшчэ адзін 15-суткавы арышт.

8 ліпеня Статкевічу выставілі абвінавачанне на падставе ч. 1 арт. 342 КК (падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Палітыка прызналі падазраваным і арыштавалі.

30 ліпеня Следчы камітэт паведаміў пра новыя абвінавачанні, выстаўленыя блогеру Сяргею Ціханоўскаму — мужу кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Святланы Ціханоўскай, а таксама Мікалаю Статкевічу і „іншым асобам”. Паводле інфармацыі СК, у дачыненні да Ціханоўскага, Статкевіча і іншых затрыманых распачатая справа паводле арт. 13 і ч. 2 арт. 293 КК (падрыхтоўка да масавых беспарадкаў).

19 жніўня стала вядома, што Статкевіча з СІЗА-1 МУС у Мінску перавялі ў Жодзіна.

Праваабаронцы прызналі Статкевіча палітвязнем.

belapan.by