Мікалаю Статкевічу выстаўленае новае абвінавачанне
Апазіцыйнаму палітыку Мікалаю Статкевічу выстаўленае новае абвінавачанне.
„Сёння Мікалаю „перавыставілі” абвінавачанне, — напісала ў „Фэйсбуку” 15 снежня жонка Статкевіча Марына Адамовіч. — „Дадалі” (у які раз?) ч. 2 арт. 293. Нібыта ён з Ціханоўскім і Севярынцам рыхтавалі масавыя беспарадкі”.
Адамовіч адзначыла, што абвінавачанне па папярэднім артыкуле „не дазваляла трымаць у СІЗА больш за шэсць месяцаў”. „Сёння — 198 дзён, як Мікалай Статкевіч за кратамі”, — дадала яна.
Мікалай Статкевіч быў затрыманы 31 мая. Яго арыштавалі па адміністрацыйным артыкуле за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, аднак пасля заканчэння тэрміну пакарання не выпусцілі, абвясціўшы падазраваным у рамках „справы Ціханоўскага” па ч. 1 арт. 342 КК (падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). 8 ліпеня Статкевічу было выстаўленае абвінавачанне па гэтым артыкуле. Ён прызнаны палітвязнем.