Міхаіл Чыгір: Не веру, што Цапкала – цацка ў нечых руках



Былы прэм’ер міністр Беларусі Міхаіл Чыгір выказаў сваё стаўленне да таго, што Валерый Цапкала вылучыў сваю кандыдатуру на прэзідэнцкія выбары.

Нагадаем, што днямі экс-дырэктар Парка высокіх тэхналогій Валерый Цапкала заявіў пра свае прэзідэнцкія амбіцыі.

Міхаіл Чыгір: Я адносна добра ведаю Цапкалу і не веру, што яго нехта прымусіў вылучаць сваю кандыдатуру на прэзідэнцкія выбары. Валерый Цапкала – дастаткова самастойны чалавек.

І не толькі самастойны, але і вопытны, бо ў свой час працаваў беларускім паслом у ЗША. Гэта і вопыт, і вялікая адказнасць. Парк высокіх тэхнгалогій таксама запусціў. Таму, паўтаруся, не веру, што ён стаў цацкай у нечых руках.

РР: Якія шанцы ў яго?

Міхаіл Чыгір: Вось тут складанае пытанне, але Цапкала – чалавек адукаваны. Упэўнены, што ён пралічыў нейкія для сябе варыянты ўдзелу ў гэтай кампаніі і спадзяецца на пэўны вынік.

Іншая справа, што Валерый Цапкала – кандыдат толькі для пэўнага кола электарата. Яго праграма можа быць правільнай, але не ўсе яе прымуць і зразумеюць. Не да ўсіх зможа дайсці.

Хаця ўсё будзе залежыць ад яго каманды і праведзенай кампаніі. Пабачым, як сябе будзе паводзіць пры гэтым улада, і якія Цапкалу дадуць магчымасці для агітацыі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота belsat.eu