Міхаіл Чыгір: Паглыбленай інтэграцыі не будзе



Былы прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Чыгір прагназуе, чым можа закончыцца беларуска-расейская інтэграцыя.

Крэмль яшчэ спадзяецца на «паглыбленую інтэграцыю» з Беларуссю і раз-пораз чуваць заявы з боку Масквы, што «перамовы па гэтым пытанні працягваюцца». Чым гэты праект можа скончыцца?

Міхаіл Чыгір: Расейска-беларускія стасункі будуць працягвацца ў любым выпадку – ці то пад выглядам так званай «інтэграцыі», ці то пад іншым выглядам. Трэба прызнацца, што ад супрацоўніцтва з Расеяй у пэўных сферах (і найперш – у эканамічнай) нам не сысці, а значыцца дачыненні былі, ёсць і застануцца.

Іншая справа, што той «паглыбленай інтэграцыі», як гэта разумее Масква, не будзе. Напрыклад, увядзенне адзінай валюта – гэта адназначная страта незалежнасці, бо два эмісійныя цэнтры быць не могуць. А значыцца, што такі цэнтр будзе ў Маскве. І кіраванне ўсёй саюзнай дзяржавай будзе ісці адтуль. Навошта гэта нам? Нармальны кіраўнік суверэннай краіны на такое ніколі не пойдзе.

РР: У якім тады фармаце будзе праходзіць інтэграцыя?

Міхаіл Чыгір: Усё застанецца ў тым фармаце, што было і раней – з нейкімі саступкамі адзін аднаму і гандлёвымі войнамі. У Расеі, безумоўна, ёсць фінансавыя рычагі ўплыву, але не думаю, што ў бліжэйшы час яны будуць моцна ціснуць на  ўлады Беларусі.

Зараз у Крамлі проста назіраюць, чым закончыцца прэзідэнцкая кампанія ў Беларусі, і як Захад паставіцца да гэтых выбараў. А адтуль, напэўна, ужо і будуць танцаваць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя