Міхаіл Ежаль звольнены з пасады пасла Украіны ў Беларусі
Міхаіл Ежаль указам прэзідэнта Пятра Парашэнкі звольнены з пасады надзвычайнага і паўнамоцнага пасла Украіны ў Беларусі. Прэзідэнт Украіны патлумачыў такое рашэнне жаданнем забяспечваць пастаянную прысутнасць Украіны ў Менску, бо у фармаце Менскіх дамоўленасцей сталіца Беларусі грае важную ролю ў рэалізацыі знешняй абароннай палітыкі.
Каментуе выканаўчы дырэктар Цэнтра дэмакратыі „Новая Еўропа” беларус Ігар Шчэкарэвіч – адзін са складальнікаў звароту з патрабаваннем адстаўкі Ежэля.
– Ён не быў дыпламатам і не мог дыпламатычна і эфектыўна выбіваць нейкія інтарэсы Украіны ў Беларусі. Ён проста быў адпраўлены Януковічам на “цёпленькае месца”, туды, дзе ён мог спакойна сядзець і нічым не займацца. Таму нейкую эфектыўную працу ў Беларусі ён не мог наладзіць. Зыходзячы толькі з гэтага спадар Ежаль павінен быў быць звольнены яшчэ год таму, а не зараз. Гэта калі мы не будзем успамінаць пра ягоныя крымінальныя справы за развал украінскага войска са спадаром Януковічам.
Міхаіл Ежаль быў прызначаны паслом у Беларусі ў 2013 годзе ранейшым прэзідэнтам Украіны Віктарам Януковічам. Раней быў галоўнакамандуючым Ваенна-марскімі сіламі Узброеных сіл Украіны. Імя новага пасла Украіны ў Беларусі пакуль не называлася.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота nikinform.com