Міхаіл Кірылюк: Фактаў, каб унесці Лукашэнку ў спісы тэрарыстаў – дастаткова
Пра злачынствы супраць чалавечнасці і прызнанні Аляксандра Лукашэнкі тэрарыстам – Народнае антыкрызіснае ўпраўленне рыхтуе міжнародную канферэнцыю, дзе абмяркуюць гэтыя аспекты. Яна пройдзе 11 кастрычніка ў нямецкім Нюрнбергу.
Юрыдычных фактаў, каб Аляксандра Лукашэнку ўнесці ў спісы тэрарыстаў – дастаткова, – кажа Міхаіл Кірылюк, беларускі юрыст, які 15 гадоў практыкаваў у Беларусі, але летась па палітычных матывах яго пазбавілі ліцэнзіі, цяпер ён у НАУ адказны па пытаннях юстыцыі.
– Юрыдычных доказаў больш чым дастаткова. Можна ўзяць апошні кейс Ryanair, які быў больш знакавым – захоп замежнага судна, на якое распаўсюджваецца еўрапейская юрысдыкцыя, пры дапамозе вайсковага знішчальніка. Гэта Еўропа ўспрыняла даволі востра. І гэта можа быць кваліфікавана як акт міжнароднага тэрарызму.
Важна, каб гэтае пытанне не знікала з міжнароднай павесткі, заўважае Міхаіл Кірылюк. Напрыклад, таксама ААН зараз запусціла працэдуру: упраўленне вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека збірае скаргі пра парушэнне правоў чалавека ў Беларусі. Такіх гісторый шмат, як асабістых, так міжнародных. Улады Беларусі не спыняюцца. Факты можна пералічваць далей:
– Улады выкарыстоўваюць замежных уцекачоў як гібрыдную зброю, як ужо заяўляюць польскія ўлады. На мой погляд, як юрыста, праблема ў другой плоскасці. Праблема ў недахопе палітычнай волі, нежаданні многіх еўрапейскіх палітыкаў дзейнічаць рашуча. Камусьці проста зручна абмяжоўвацца выказваннем глыбокай занепакоенасці і не рабіць юрыдычных крокаў.
У кастрычніку на канферэнцыю ў Нюрнбергу збяруцца адвакаты, палітыкі, праваабаронцы і прадстаўнікі дэмакратычных сілаў Беларусі. Плануюць две часткі: дыскусіі адвакатаў з міжнародным досведам і прэс-канферэнцыю.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: belarus-nau.org