Міхаіл Кірылюк: Мусім дамагчыся міжнароднага прызнання, што Беларусь знаходзіцца пад акупацыяй
Госць Рацыі – юрыст каманды Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Міхаіл Кірылюк.
РР: Давайце з вамі разбірацца: што значыць для Беларусі прызнанне яе часова акупаванай тэрыторыяй? Што для гэтага трэба зрабіць?
Міхаіл Кірылюк: На сённяшні дзень нейкай канкрэтнай юрыдычнай працэдуры, каб прызнаць тэрыторыю акупаванай, не існуе. Гэта працуе праз прызнанне кожнай асобнай краінай. Гэта можа выглядаць у форме рэзалюцыі ПАСЕ, як, напрыклад, было з Малдовай. Можа быць статус акупаванай тэрыторыі, напрыклад, згаданы ў рэзалюцыі Еўрапарламента, або нават у рэзалюцыі ААН. Нейкія краіны гэта могуць прызнаць, нейкія могуць не прызнаць. Таму колькі краін і наколькі яны ўплывовыя прызнаюць тэрыторыю Беларусі акупаванай, ад гэтага і залежыць успрыманне Беларусі.
РР: То бок, атрымліваецца, што гэта такі міжнародны пасыл?
Міхаіл Кірылюк: Менавіта так.
РР: А што гэта дае прадстаўнікам беларускай апазіцыі? Можа гэта наадварот, пазбаўляе адказнасці беларускі рэжым, калі ён удзельнічае ў ваенным канфлікце з Украінай?
Міхаіл Кірылюк: Калі спрасціць, то адказнасць у гэтым сэнсе ідзе па прынцыпе, не замест, а разам. Калабарант нясе адказнасць разам з акупантам. У выпадку прызнання факта акупацыі расейскімі войскамі, то ўрад Лукашэнкі выступае ў ролі марыянетачнага кіраўніцтва, у ролі калабарантаў, як гэта было, напрыклад, у час Другой сусветнай вайны. Што будзе, калі гэта не зрабіць? Тады атрымліваецца, што кіраўніцтва Беларусі дабравольна ўдзельнічае ў агрэсіі Расеі супраць Украіны, і адпаведна на Беларусь, як на краіну, у поўным аб’ёме кладуцца абавязкі кампенсаваць рэпарацыі, кантрыбуцыі, усе выдаткі, якія панясе Украіна ў выніку гэтай агрэсіі. Ну і таксама не будзем мець падставы патрабаваць вываду расейскіх войскаў з Беларусі.
Цалкам размова:
Размаўляў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя