Міхаіл Пастухоў: Гэта паказальны працэс



Былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў распавёў, чаму ў Беларусі пачалі судзіць суддзяў.

У Вярхоўным судзе пачаўся працэс над старшынём Менскага раённага суда Аляксандрам Хаванскім. Яго вінавацяць у крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі — былы суддзя можа сесці на 10 гадоў.

Міхаіл Пастухоў: Гэты працэс – проста ўнікальны выпадак і прэцэдэнт. Можна сказаць, пляма на ўсёй судовай сістэме.

Гэта пацвярджае, што ў Беларусі ўсе чыноўнікі (у тым ліку, і суддзі) знаходзяцца пад пільнай увагай і кантролем спецслужбаў. Ніхто не з’яўляецца выключэннем, нават ахоўнікі беларускага кіраўніка. Напрыклад, той жа намеснік Дзяржасакаратара Савета бяспекі Андрэй Уцюрын знаходзіцца пад следствам.

Адным словам, улады паказваюць: будзе татальны кантроль за ўсімі дзяржаўнымі чыноўнікамі. А з іншага боку суд над суддзём паказвае, што сёння карупцыя пранікла ўжо ва ўсе сферы жыцця.

РР: Вы лічыце, што суд над Хаванскім паказальны?

Міхаіл Пастухоў: Менавіта так. Працэс мае паказальны характар, бо даволі рэдкі ў нашай практыцы. На пасады суддзяў існуе вельмі жорсткі адбор, і кожны суддзя ведае, чым могуць закончыцца гульні з законам. Але, як бачым, у нас карупцыя дна яшчэ не дасягнула.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота svaboda.org