Міхаіл Пастухоў: Пастанова Саўміна супярэчыць Канстытуцыі



Былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў разважае пра законнасць патрабаванняў уладаў да арганізатараў Дня Волі ў Менску.

Як вядома, арганізатары святкавання Дня Волі ў Менску прынялі рашэнне адмовіцца ад аплаты паслуг міліцыі.

“Самі па сабе такія паборы сумнеўныя з кропкі гледжання Канстытуцыі, бо працу міліцыі мы аплацілі сваімі падаткамі і на масавыя мерапрыемствы маем законнае права, — паведаміў на сваёй стронцы ў Фэйсбук старшыня руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч. — Але ў выпадку з выкананнем міліцыяй сваіх абавязкаў у Кіеўскім скверы ёсць шэраг пытанняў”.

Заяўнікі перадалі ва УУС Менгарвыканкама пісьмовую прэтэнзію аб скасаванні дамовы, і не выключана, што справа дойдзе да падачы заявы ў суд.

Міхаіл Пастухоў: Калі глядзець на сітуацыю з грамадзянскай пазіцыі, то арганізатары Дня Волі правільна робяць, калі адмаўляюцца плаціць, бо такія “падаткі” супярэчаць Канстытуцыі і сур’ёзна абмяжоўваюць права грамадзян на мірныя сходы.

Норма, што трэба аплочваць паслугі міліцыі, пачала працаваць зусім нядаўна, і яе прыдумалі абсалютна адвольна. А практыка паказала, што падчас такіх мерапрыемстваў міліцыя не толькі ахоўвае ўдзельнікаў мерапрыемства, але і злоўжывае сваімі паўнамоцтвамі. Нават пры падліку ўдзельнікаў акцыі.

РР: А калі казаць пра юрыдычны бок пытання…

Міхаіл Пастухоў: Тут, натуральна, трэба разумець, што пастанова Савета міністраў, якая рэгламентуе аплату за масавыя мерапрыемствы, не адменена, а значыцца праваахоўныя органы могуць настойваць на яе выкананні. Таму міліцыя, думаю, будзе прад’яўляць прэтэнзіі да арганізатараў Дня Волі праз суд.

Але, на маю думку, трэба, каб у бліжэйшы час па ініцыятыве ўпаўнаважаных суб’ектаў Канстытуцыйны суд даў ацэнку законнасці гэтай пастановы. Іншае справа: ці дачакаемся?

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя