Міхаіл Пастухоў пракаментаваў змены ў Канстытуцыю



Былы суддзя Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь Міхаіл Пастухоў у каментары для „Беларускага Партызана” распавёў, як рэагуе на канстытуцыйную рэформу, пра якую пачаў размову Лукашэнка.

– Шуміха з усенароднай працай над папраўкамі ў Канстытуцыю праводзіцца толькі для адводу вачэй. Стварыць, так бы мовіць, бачнасць народнай актыўнасці і пераключыць увагу з пратэстаў на пустую працу па напісанні нейкіх прапаноў.

Пуцін на апошняй сустрэчы ў Сочы на гэты конт выказаўся цалкам вызначана, а менавіта: прапанаваў Лукашэнку заняцца канстытуцыйнай рэформай. Намёк відавочны: народ трэба супакоіць, паабяцаць хуткія перамены і новыя выбары. За ўзор можна ўзяць расейскую мадэль канстытуцыйнай трансфармацыі. У кожным выпадку, прэзідэнцкая ўлада павінна быць аслаблена, кіраўніком дзяржавы павінен стаць новы персанаж.

Аднак, мяркуючы па ўсім, такі варыянт Лукашэнку не спадабаўся, і ён працягвае сваю «песню» пра бестэрміновае праўленне. Пад выглядам канстытуцыйнай рэформы праводзіцца нейкая бутафорыя, на фоне якой рыхтуюцца выгадныя яму папраўкі. Папраўкі ў гэтую Канстытуцыю могуць уносіцца толькі ва ўстаноўленым парадку. Для гэтага неабходна спачатку правесці выбары ў легітымны парламент — Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь. Пры новым складзе Цэнтрвыбаркама і ўсіх выбарчых камісій. Калі будзе абраны легітымны парламент, ён адновіць астатнія органы ўлады і вырашыць, які патрэбен прэзідэнт і ці патрэбен ён наогул.

На мой погляд, няма сэнсу ўдзельнічаць у пустой кампаніі аб унясенні паправак у нелегітымную Канстытуцыю ўзору 1996 года. «Гульцы» застануцца ўсё тыя ж, хіба што могуць перасесці ў іншыя крэслы. Адзіны шлях выхаду з канстытуцыйнага крызісу — вяртанне да Канстытуцыі 1994 года. Без усялякіх рэферэндумаў. Проста — па волі народа, калі ён пажадае аднавіць у краіне законнасць, дэмакратыю і павагу да правоў чалавека, – сказаў Міхаіл Пастухоў.

Беларускае Радыё Рацыя