Міхаіл Пастухоў: Улада не зацікаўлена ў дэмакратычных формах правасуддзя
Пра тое, ці падрыхтавана беларускае грамадства да ўвядзення інстытута прысяжных, і чаму дзяржава не зацікаўлена ў гэтым, расказвае былы суддзя Канстытуцыйнага суда Беларусі Міхаіл ПАСТУХОЎ.
Міхаіл Пастухоў: Я выступаў і выступаю за ўвядзенне суда прысяжных. Яшчэ ў канцэпцыі судова-прававой рэформы, якая адзінагалосна была прынята ў 1992 годзе, мы з групай распрацоўшчыкаў выказаліся за тое, што такі суд патрэбны. Прыцягненне прадстаўнікоў народа да рашэння пытанняў вінаватасці па самых складаных злачынствах – гарант незалежнасці судоў. І тады, і зараз я ўпэўнены, што суд прысяжных – самая дэмакратычная форма правасуддзя, бо забяспечваецца ўлік усіх абставінаў справы. У выпадку, калі ўзнікаюць сумненні ў вінаватасці чалавека, суд прысяжных, як правіла, становіцца на яго бок. І, калі яму пагражае смяротнае пакаранне, то пры сумненнях суд прысяжных ніколі не прыме вердыкт “растраляць”. Паўтаруся, практыка працы гэтага інстытута ў Расеі і іншых краінах паказвае, што гэта самы незалежны суд.
РР: Ці саспела беларускае грамадства да ўвядзення інстытута прысяжных? Генеральны пракурор Канюк, напрыклад, лічыць, што не саспела…
Міхаіл Пастухоў: Разумееце, на гэты ж конт у краіне наогул не вялося ніякай падрыхтоўчай работы. Да таго ж, трэба ўлічваць, што ўлады і не зацікаўлены ў дэмакратычных формах правасуддзя. Для іх лепш, калі суддзя прымае прадказальнае рашэнне аднаасобна альбо разам з народнымі засядацелямі (іх яшчэ называюць “ківаламі”).
РР: На Ваш погляд, як бы самі суддзі паставіліся да суда прысяжных?
Міхаіл Пастухоў: Яны таксама асцерагаюцца яго, бо ў такім выпадку пазбаўляюцца магчымасці самім прымаць рашэнні па справах. Суддзі і пракуроры ніколі не прымалі гэты дэмакратычны інстытут. Трэба ж ва ўсім бляску паказаць вінаватасць чалавека, каб у прысяжных нават сумнення не ўзнікала. Калі не будзе даказана вінаватасць, то суд прысяжных на сто працэнтаў скажа “не вінаваты”. А што мы бачым зараз? Таму ж праваабаронцу Андрэю Бандарэнку пры сумніўнай доказнай базе далі аж 4 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыма. Гэта вельмі жорсткі прысуд, бо можна было абмежавацца і адміністрацыйнай справай. Суд не заўважыў (альбо не захацеў бачыць) слабасць абвінавачвання. Зараз ідзе паказальны працэс над былым кіраўніком “Барысаўдрэў” Мальцавым, і ўсе разумеюць, што чалавек проста выступае ў ролі закладніка сітуацыі. Маўляў, менавіта Мальцаў праваліў мадэрнізацыю на прадпрыемстве, бо некага ж трэба пасадзіць. Не адправяць жа яны за краты ўрад, які і займаецца мадэнізацыяй. Так не павінна быць у нармальнай краіне! Таму суд прысяжных быў бы вельмі да месца.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота