Міхаіл Пастухоў: Утрыманне ўлады Лукашэнкам стане злачынным



Палітычны крызіс у Беларусі можна пераадолець толькі тады, калі народ адчуе сябе сапраўдным гаспадаром. 6 лістапада Аляксандр Лукашэнка страчвае прэзідэнцкія паўнамоцтвы. Выбары не прызнаны Еўропай і абсалютнай большасцю беларусаў.

Далейшае ўтрыманне ўлады Лукашэнкам стане злачынным, кажа доктар юрыдычных навук, заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь, былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў:

РР: Што павінна быць далей, згодна беларускай Канстытуцыі?

– Улічваючы, што выбары прызнаныя большасцю еўрапейскіх краін нядзейснымі, сфальсіфікаванымі. Па выніках большасць беларускіх выбаршчыкаў таксама не вераць вынікам гэтых выбараў. Таму фармальна па Канстытуцыі, якая дзейнічае, устаноўлена, што ў выпадку, калі заканчваецца тэрмін паўнамоцтваў прэзідэнта ці ёсць вакансія прэзідэнта па шэрагу прычын, ці прэзідэнт не можа выконваць свае абавязкі, то паўнамоцтвы прэзідэнта пераймае прэм’ер-міністр. У дадзеным выпадку 7-га лістапада паўнамоцтвы павінны перайсці прэм’ер-міністру Рэспублікі Беларусь Раману Галоўчанку. Для гэтага ён павінен прыняць гэтую пасаду. Калі ён прыме гэтыя паўнамоцтвы прэзідэнта, то тады насамрэч можна казаць, што ўлада Лукашэнкі скончылася. Калі ён будзе ўтрымліваць уладу, то гэта ўжо будзе іншая ацэнка. Можна казаць пра склад злачынства – незаконнае ўтрыманне ўлады. 

РР: Ён канешне ж да здаровага сэнсу не вернецца.

– Калі лічыць гэта злачынствам, то павінны быць адпаведныя органы, якія прымуць на гэты конт рашэнне. Яны павінны пачаць справу, гэта могуць зрабіць органы пракуратуры ці Следчага камітэта, якія фармуюцца дзейным прэзідэнтам. Такі варыянт таксама не праглядваецца. То бок атрымліваецца, што ўлада будзе ўтрымлівацца далей незаконна, калі лічыць выбары нядзейснымі. 

РР: Што тады будзе далей?

– Практыка паказвае, што ў гэтым выпадку павінен фармавацца нейкі прадстаўнічы орган народа. Так з’яўляліся новыя парламенты і новая дзяржаўнасць, напрыклад, у Францыі ды іншых краінах. Калі збіралі легітымны прадстаўнічы сход. То бок у дадзеным выпадку згодна артыкулу 3 Канстытуцыі, народ з’яўляецца крыніцай дзяржаўнай улады. Ён можа ажыццяўляць ажыццяўляць сваю ўладу, як непасрэдна сам, так і даручаць сваім прадстаўнікам. То бок народ можа сабрацца на свой сход, кангрэс ці там яшчэ штосьці, у нейкай дзяржаўнай установе, каб было пазначана, што народ з’яўляецца ўладай. Ён павінен мець рэальную ўладу, а не проста так, як у нас сабраліся каля стэлы і разышліся. Прадстаўнікі народу павінны ўсвядоміць, што яны зараз улада. Яны павінны прыняць на сябе адказнасць за часовае кіраванне справамі, сфармаваць нейкія часовыя органы ўлады, вызначыць па якой Канстытуцыі, яны будуць жыць далей і абавязкова прызначыць выбары. 

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Паводле Міхаіла Пастухова, адзін з варыянтаў пераадолення палітычнага крызісу – гэта грамадзянскі дыялог паміж прадстаўнікамі ўлады без Лукашэнкі, калі прэм’ер-міністр прыме абавязкі прэзідэнта, і аб’яднанай апазіцыяй. Але ў гэтым выпадку неабходны гаранты ў выглядзе, да прыкладу, Нармандскай чацвёркі.

Беларускае Радыё Рацыя