Міхаіл Пастухоў: Вынікі рэферэндуму прадвызначаныя



Вынікі рэферэндуму па зменах у Канстытуцыю прадвызначаны. Улада не мяняецца, а калі нешта і зменіцца, то толькі ў бок умацавання і татальнага канторлю над грамадствам, – кажа былы суддзя Канстытуцыйнага суда, прафесар Міхаіл Пастухоў:

– Вынікі рэферэндуму, на мой погляд, прадвызначаны. Застаецца толькі абмяркоўваць, якія будуць лічбы. Аднак тое, што яны будуць пераможныя, гэта адназначна. І самае галоўнае, што з юрыдычнага пункту гледжання, становішча не мяняецца. Улада, па сутнасці, застаецца ў тых жа руках. Сістэма ўлады захоўваецца. І больш за тое, яна ўмацоўваецца за кошт новага органа ўлады – Усебеларускага народнага схода, калі, па сутнасці, кіраўнік дзяржавы займае адразу шэраг адказных пасадаў. У тым ліку, можа па сумяшчальніцтве быць і старшынём Усебеларускага народнага сходу. Мы казалі, што ёсць і іншыя папраўкі. Іх шмат. У тым ліку, артыкул 18 – гэта тое, што Беларусь перастае мець нейтральны статус і статус без’ядзернай дзяржавы. На грамадзян ускладаецца шэраг дадатковых абавязкаў – у прыватнасі, рабіць пасільны ўнёсак у развіццё дзяржавы і грамадства, быць патрыётамі краіны, клапаціцца пра сваё здароўе. Такія нязначныя абавязкі, але тым не менш, усё роўна, грамадзян як бы прымушаюць быць паслухмянымі шрубкамі ў стасунках з органамі ўлады. І асабліва нічога грамадзяне для сябе дадаткова не атрымліваюць.  Нават смяротнае пакаранне застаецца.

Таму чагосьці чакаць ад гэтага рэферэндума не даводзіцца. Тая ж сістэма ўлады застаецца, умацаваная, па сутнасці, новым органам улады, тая ж выбарчая сістэма застаецца, той жа статус – правы, свабоды, абавязкі грамадзян. Дадатковых гарантый абароны правоў і свабод грамадзян не прадбачыцца. Хоць фармальна адзначаецца, што грамадзяне атрымліваюць права звяртацца ў суды, у тым ліку ў Канстытуцыйны суд, але нейкіх дадатковых гарантый не прадугледжваецца.

Пасля рэферэндуму пагроза для суверэнітэту Беларусі істотна ўзрасце, – лічыць Міхаіл Пастухоў.

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя