Міхаіл Жамчужны: Палітвязням – мужнасці і годнасці



Былы палітвязень Міхаіл Жамчужны дае парады тым “палітычным”, хто сёння знаходзіцца ў няволі.

Нагадаем, што кіраўнік арганізацыі “Платформы інавэйшн” Міхаіл Жамчужны быў прызнаны вінаватым у падбухторванні супрацоўніка міліцыі да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу, незаконным набыцці і збыцці спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі. 19 лютага ён вызваліўся з-за крат.

Яшчэ год таму Жамчужны быў адзіным палітвязнем у Беларусі, а сёння такіх ужо – 354.

Міхаіл Жамчужны: Калі я быў у калоніі, то, натуральна, адчуваў на сабе статус “палітычнага”. Да цябе ў такім выпадку заўсёды іншы падыход з боку адміністрацыі і іншыя формы “працы”. Неяк начальнік калоніі мне адкрытым тэкстам сказаў: маўляў у мяне ёсць загад “адпрэсаваць Жамчужнага”. І гэтыя рэпрэсіі ў дачыненні да мяне былі даволі жорсткія.

Іншая справа, што я сам – праваабаронца, таму адміністрацыя вымушана была не проста з задавальненнем паціраць рукі, гледзячы на рэпрэсіі ў дачыненні да мяне, а ёй і самой даводзілася цярпець, бо я актыўна апратэстоўваў усе рашэнні, пісаў скаргі ў вышэйшыя інстанцыі.

Так, мне давялося шмат праз што прайсці, але і адміністрацыя калоній, дзе я пабываў, увесь гэты час спакойна не спала. У выніку  апошнім часам перад вызваленнем адміністрацыя наогул старалася са мной не канфліктаваць, бо кожнае іх дзеянне я абскарджваў у суды і ў пракуратуру. Таму выгналі з калоніі як мага хутчэй.

РР: Зараз у Беларусі ўжо 354 палітвязні…

Міхаіл Жамчужны: Я не выключаю, што ў дачыненні да іх таксама будуць ужываць пэўныя рэпрэсіі, таму што сістэма працуе аднолькава, яна наўрад ці зменіцца.

Але хачу найперш пажадаць палітвязням не баяцца гэтай сістэмы. Як кажуць за кратамі: не вер, не бойся, не прасі. І давяраць там насамрэч не варта – ні зняволеным, якія разам з табой, ні адміністрацыі. Трэба проста трымацца мужна і годна!

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя