Міхаіла Жамчужнага прызналі палітвязнем



Праваабаронцы атрымалі інфармацыю, якая дазваляе зрабіць выснову, што асуджэнне аднаго з заснавальнікаў праваабарончай арганізацыі «Платформа інавэйшн» Міхаіла Жамчужнага з’яўляецца «неабгрунтаваным і палітычна матываваным».

«Лічым неабходным патрабаваць для Міхаіла Жамчужнага неадкладнага перагляду прынятага ў дачыненні да яго прысуду пры захаванні права на справядлівы судовы разгляд», — адзначаецца ў заяве беларускіх праваабаронцаў, якую падпісалі Алесь Бяляцкі, Алег Гулак, Таццяна Равяка, Алена Танкачова ды іншыя.

У ліпені Міхаіл Жамчужны быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6,5 гадоў калоніі строгага рэжыму. Яго звінавацілі паводле некалькіх артыкулаў крымінальнага кодэксу: наўмыснае раскрыццё звестак, якія маюць службовую тайну; незаконнае набыццё сродкаў для сакрэтнага атрымання інфармацыі, якая складае службовую таямніцу; даванне хабару.

Усе інкрымінаваныя Жамчужнаму эпізоды супрацьпраўнай дзейнасці здзяйсняліся ім у межах аператыўнага эксперыменту пад кантролем УКДБ па Віцебскай вобласці. Праваабаронцы лічаць, што магчымыя супрацьпраўныя паводзіны Жамчужнага маглі стаць вынікам правакацыі злачынства: падбухторвання, схілення, заахвочвання ў прамой або ўскоснай форме да здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў.

Паведамляе svaboda.org