Міхал Дворчык: Польшча не пакіне палякаў у Беларусі без дапамогі



Дапамога палякам, якія апынуліся ў складанай сітуацыі ў Беларусі, з’яўляецца прыярытэтам для польскага ўрада, заявіў кіраўнік канцылярыі прэм’ер-міністра Польшчы Міхал Дворчык 7 красавіка ў эфіры Польскага радыё.

„Мы імкнемся максімальна дапамагчы нашым суайчыннікам у гэтай складанай сітуацыі, — сказаў кіраўнік канцылярыі прэм’ер-міністра. — Шакуе, што дыктатар з-за ўсходняй мяжы помсціць сваім грамадзянам, пераследуе сваіх грамадзян толькі за тое, што яны іншай нацыянальнасці, у гэтым выпадку гаворка ідзе пра польскую нацыянальнасць”.

12 сакавіка была затрыманая дырэктарка польскай грамадскай школы ў Берасці Ганна Панішава.  23 сакавіка ў Гародні была затрымана кіраўніца непрызнанага ўладамі Саюза палякаў Беларусі (СПБ)  Анжаліка Борыс. 25 сакавіка Генпракуратура Беларусі паведаміла, што пачала ў дачыненні да Борыс і „іншых асоб” крымінальную справу. У ведамстве сцвярджаюць, што „грамадзяне з 2018 года правялі ў Гародні і Гарадзенскай вобласці „шэраг незаконных масавых мерапрыемстваў па ўшанаванні ўдзельнікаў антысавецкіх бандфармаванняў, якія дзейнічалі падчас і пасля Вялікай Айчыннай вайны, здзяйснялі рабаванні, забойствы мірнага насельніцтва Беларусі”. 

Раніцай 25 сакавіка былі затрыманыя: вядомы гарадзенскі журналіст Анджэй  Пачобут, Марыя Цішкоўская – кіраўніца аддзялення СПБ у Ваўкавыску, і Ірэна Бярнацкая – кіраўніца лідскага аддзялення СПБ.

31 сакавіка беларускія праваабаронцы прызналі Борыс, Пачобута, Цішкоўскую, Бярнацкую і Панішаву палітзняволенымі.

Беларускае Радыё Рацыя

Foto: Wojciech Kusiński/Polskie Radio