Міхал Патоцкі: Усе дзяржавы ЕЗ змагаюцца за свае інтарэсы



Прынамсі да 2027 года Польшча будзе больш атрымоўваць грошай з агульнага бюджэту Еўразвязу, чым аддаваць. Гэта сярод іншага вынікі саміта ЕЗ, які меў месца з 17 па 21 ліпеня.

„Госць Рацыі” журналіст польскай газеты Gazeta Prawna Міхал Патоцкі, які піша на ўсходнюю тэматыку ў Польшчы.

РР: Спадар Міхал, прайшоў саміт Еўразвязу, і Польшча атрымае 125 мільярдаў еўра датацыяў, і яшчэ дадаткова каля 35 мільярдаў еўра крэдытаў. Ці можна казаць, што гэта велізарны поспех Польшчы, якая знаходзіцца ў Еўразвязе ўжо 16 гадоў?

– Гэта някепскі вынік, я б так сказаў. Калі паглядзець толькі на суму, то гэта добра. Прэм’ер-міністр Маравецкі, які прадстаўляў Польшчу на саміце Еўразвязу, можа сказаць, што калі толькі глядзець на суму, то ён прывёз перамогу.

РР: У Еўразвязе ёсць розныя фракцыі, ёсць краіны, якія “любяць паашчаджаць” як Галандыя, і яны дамагліся, што бюджэт адбудовы быў скарочаны на 22%, у той час як сума, прызначаная менавіта для Польшчы скрацілася толькі на 3%. Віцэ-прэм’ер Ядвіга Эмілевіч казала, што Польшча выйграла ў гэтай сітуацыі.

– Тэарэтычна так, але бюджэт Еўразвязу – гэта заўсёды вынік кампрамісу. Там 27 дзяржаваў і ўсе гэтыя дзяржавы змагаюцца за свае інтарэсы, змагаюцца за свае ідэі. Было так, што былі дзяржавы, якія казалі, што не трэба даваць больш грошай тым краінам, якія больш за ўсё пацярпелі падчас пандэміі: Італіі, Іспаніі, Грэцыі і г.д.  Яны не здолелі перамагчы 100%. Супраць іх пайшлі і французы і немцы. Польшча не будзе плацельшчыкам нетта. Яшчэ пяць гадоў таму былі сур’ёзныя дыскусіі пра тое, што таго ўжо не будзе. Што мы будзем больш плаціць Еўразвязу, чым атрымліваць. Гэта добра, гэта значыць, што Польшча і надалей будзе развівацца дзякуючы грошам з Еўразвязу. Вельмі шмат праектаў можна будзе яшчэ зрабіць. Мінус такі, што кампраміс адабраў вялікую частку грошай з новага фонду на энергетычную трансфармацыю. Для Польшчы гэта вельмі важна таму, што ў нас ёсць шмат рэгіёнаў, такіх, як Сілезія. За гэтыя грошы яны маглі б трансфармавацца, закрыць шахты. Новыя шахты ў Еўропе не будуць адкрывацца, старыя будуць закрывацца. Чэхія ўжо сказала, што яна 2021 годзе закрые ўсе свае вугальныя шахты. Такі ж лёс чакае і Польшчу. На гэта трэба шмат грошай, каб штосьці зрабіць з гэтымі рэгіёнамі і людзьмі. Колькасць грошай на гэты фонд нашмат меншы, чым планавалася. Таксама, пакуль Польшча не задэкларуе, што да 2050 года будзе кліматычна нейтральнай, мы ўвогуле з гэтай сумы можам атрымаць толькі палову, палову з меншай часткі таго, што здавалася будзе магчыма.

РР: Кліматычна тэма ў Польшчы стаіць у палітыцы досыць востра. З боку кіроўнай партыі ёсць меркаванне, што вугаль з Сілезіі – гэта багацце Польшчы, і яго трэба выкарыстоўваць. А ў апошнія гады згартаецца альтэрнатыўная энергетыка, стаўка робіцца на старыя крыніцы энергіі?

– Так, гэта палітычная тэма. Вугаль гэта багацце Польшчы, але ён ужо настолькі архаічная крыніца энергіі, настолькі дорага здабываць вугаль у Польшчы, бо ён вельмі глыбока залягае. Таму яго даражэй набываць, чым расейскі вугаль. Нават з палітычных прычын цяпер Польшчы выгадна ўсё ж адмаўляцца ад вугля незалежна ад таго, што мы яго маем. Урад баіцца рэакцыі. Ёсць вельмі шмат выбаршчыкаў, якія жывуць на Сілезіі, для якіх уся вугальная прамысловасць – гэта багацце іх рэгіёна, гісторыя іх сямей. Яны гэта цяжка ўспрымаюць.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Польшча, як і іншыя суседзі Беларусі – Літва і Латвія, з’яўляецца сябрам Еўразвязу з 2004 года.

Беларускае Радыё Рацыя