Міхалевіч: Праймерыз – гэта магчымасць знайсці больш прыхільнікаў
Палітык Алесь Міхалевіч, экс-кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года ўпэўнены, што для беларускай апазіцыі стаіць адна задача – пераканаць беларусаў да пераменаў ды знайсці больш прыхільнікаў.
І ў гэтым акурат можа дапамагчы актывізацыя палітычнага працэсу, напрыклад, праймерыз.
– Новы механізм. Механізм, які раней актыўна ў беларускім грамадстве не выкарыстоўваўся. І які, спадзяюся, прыжывецца на будучыню, калі тыя людзі, якія гатовыя спрычыніцца, гатовыя збіраць подпісы, агітаваць, удзельнічаць у кампаніі незалежнага кандыдата ў гэтым паўдзельнічаюць і праз гэта заангажуюцца ў кампанію. Гэта можа быць вельмі істотным чыннікам, істотнай магчымасцю павялічыць колькасць актыва, які будзе ўдзелнічаць.
Правацэнтрысцкая кааліцыя заяўляе пра правядзенне праймерыз падчас падрыхтоўкі да прэзідэнцкіх выбараў, якія маюць адбыцца ў Беларусі не пазней за жнівень 2020 года. Партыі, што ўваходзяць у кааліцыю (Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская хрысціянская дэмакратыя і рух «За Свабоду») ужо вылучылі трох сваіх кандыдатаў, адзінага з іх – абяруць пры дапамозе ўнутранага галасавання.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота DW