Міклаш Харашці больш не будзе спецдакладчыкам ААН
Міклаш Харашці не будзе спецдакладчыкам ААН па правах чалавека ў Беларусі. І гэта нягледзячы на працяг мандата спецдакладчыка яшчэ на год.
Пра гэта паведаміў праваабаронца з цэнтру „Вясна” Уладзімір Лабковіч. Па яго словах, зараз пачынаецца працяглая працэдура прызначэння новага спецдакладчыка:
– Трэба адзначыць тое, што, на жаль, сам спадар Харашці ўжо не зможа балатавацца на гэтую пасаду. Ён у межах той працэдуры, якая ёсць, усе тэрміны вычарпаў. Але тое, што мандат працягнуты, гэта вялікая яго заслуга, як чалавека, які адказна, бескампрамісна ўжо некалькі гадоў даваў сваю ацэнку сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.
Беларускія ўлады вельмі нервова ставяцца да спецдакладчыка і падрыхтаваных ім дакументаў адносна захавання правоў чалавека ў Беларусі. Высновы, якія ўтрымліваюцца ў дакладзе, нязменна называюцца аднабокімі і перадузятымі.
Напярэдадні чарговага галасавання ў ААН Беларусь заклікала скасаваць мандат спецдакладчыка па сваёй краіне. Беларусь у гэтым падтрымалі Расея, Нікарагуа, КНДР, Лаос, Таджыкістан, Кітай ды шэраг іншых краін.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя