Мікола Бянько: Майдан назаўсёды застанецца ў сэрцы і памяці
Ва Украіне 10 гадоў таму пачаўся Еўрамайдан. З гэтай нагоды пагутарылі з журналістам Міколам Бянько.
РР: Сённяшні пасляабедзенны жывы эфір на Радыё Рацыя мы пачалі фрагментам вашага з Юліяй рэпартажу “Еўрамайдан”. Вы там былі. Ці пасля 10 гадоў ты добра памятаеш тыя хвіліны, як вы трапілі ў Кіеў, якія былі ўражанні?
Мікола Бянько: Сапраўды, не верыцца, што прайшло ўжо 10 гадоў з таго моманту, як мы ў канцы лістапада прыехалі на цягніку Менск-Кіеў і выйшлі на перон, пад’ехалі на таксоўцы да Плошчы Незалежнасці і ўбачылі ўсе, што адбываецца. Эмоцыі дагэтуль яшчэ памятаю. Некаторыя факты выпалі – маю на ўвазе храналогію падзей, можа штосьці забыўся. Але асноўныя ўражанні засталіся ў сэрцы, у памяці і яны ніколі не сыдуць. Бо падзеі вельмі важныя.
РР: Усё пачалося з выступлення студэнтаў супраць таго, што зрабіў у Вільні Януковіч. Нагадаем, ён паехаў туды, каб падпісаць пагадненне аб еўраінтэграцыі, і ўсё паказвала на тое, што ён пагодзіцца. Але раптам Януковіч адмовіўся падпісваць. Студэнты выйшлі на вуліцы. Ці адчувалася тады, што яны будуць стаяць да апошняга, што ўсё можа закончыцца кравапраліццем?
-
Фота: ДВ/Р. Ганчарэнка
Мікола Бянько: Ёсць такое моднае слова трыгер. І менавіта расчараванне шырокіх мас украінскага грамадства прывяло да таго, што сотні тысяч людзей, калі не мільёны, выйшлі на вуліцы ўкраінскіх гарадоў і паспрабавалі паставіць на месца ўладу Януковіча. Зразумела, што гэтае расчараванне спачатку выштурхнула на вуліцы самую пасіянарную частку – гэта студэнцтва, паўтары тысячы – дзве тысячы. І вось гэты чалаваек, не вельмі далёкі, на маю думку, абмежаваны ў плане інтэлектуальных здольнасцяў, гэта абсалютна відавочна па яго выказваннях і па тым як ён сябе паводзіў у тыя крызісныя дні, павёў сябе так, як павёў бы сябе звычайны сатрап. Ён падумаў, што зможа дубінкай пераламаць настрой народа, разагнаць паўтары – дзве тысячы чалавек і гэтым уся гісторыя закончыцца. Але ён памыліўся ў тым, што нельга так падманваць мару людзей. Дарэчы, у 2020 годзе ў Беларусі адбылося нешта падобнае. Ёсць пэўнае падабенства з тымі працэсамі, якія адбываліся ў 2014 годзе ва Украіне, і ў 2020 ў Беларусі. З рознымі фіналамі, але яшчэ гісторыя не скончана.
Вяртаючыся да пытання, ці адчувалася ў атмасферы тое, што людзі будуць стаяць да канца, і ці прадчувалі мы, што будзе кравапраліцце? Так. Я памятаю выхад у жывы эфір для Радыё Рацыя ў лістападзе, калі мне патэлефанавалі з гэтай студыі і запыталіся: “Якія вашыя ўражанні? Апішыце”. Я знаходжуся якраз на Майдане Незалежнасці, дзе ўсе падзеі разгортваюцца, і бачу, як на вачах узнікаюць барыкады. І адразу першая аналогія, якая ў мяне ўзнікла ў памяці – я вучыўся яшчэ ў савецкай школе – гэта Красная Прэсня, 1905 год. Я так і сказаў, што мне падаецца, што будуць барыкады, будуць жорсткія супрацьстаянні. І мала таго, што я бачыў барыкады, я размаўляў з людзьмі. Я пагаварыў з сотнямі дэманстрантаў, і яны ўсе былі вельмі рашуча настроены. І казалі, што не сыдуць з Майдану, пакуль бандыцкая ўлада не знікне, пакуль Януковіч не з’едзе ці не патрапіць за краты, што будуць да канца стаяць. То бок, відавочна, што гэты канфлікт не мог спыніцца нейкімі мірнымі перамовамі.
Беларускае Радыё Рацыя