Мікола Казлоў: Лукашэнка ствараў не праваахоўную, а карную сістэму



Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка правядзе вялікую нараду з праваахоўнымі органамі. Нагодай для гэтага стаў выпадак, калі галоўнага інжынера Менскага заводу колавых цягачоў падчас следства 4 гады пратрымалі ў следчым ізалятары. А ў выніку – справа ў судзе развалілася, і ён быў апраўданы.

Па словах выконваючага абавязкі старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі, былога афіцэра міліцыі Міколы Казлова, намаганні кіраўніка дзяржавы навесці парадак у следчых органах – справа добрая. Але ж ён сам за працяглы час стварыў такую сістэму:

– Два з паловай дзесяцігоддзі Лукашэнка ствараў не праваахоўную, а карную сістэму. І вось гэта дае плён. Мы ж памятаем тыя крымінальныя справы, якія ўзбуджаліся адносна палітыкаў, а пасля іх выпускалі. Мы памятаем злачынствы, учыненыя супрацоўнікамі праваахоўных органаў. Зноў жа 2010 год, калі адносна Някляева і ўсёй гэтай калоны быў учынены, па сутнасці, разбойны напад. І ніхто з вінаватых не быў прыцягнуты да адказнасці. Я маю на ўвазе Карпянкова, кіраўніка «Алмазу».

А гэта ў выніку вядзе да таго, што ўся праваахоўная сістэма прыходзіць да думкі, што яны вышэй закону. І дзейнічае па сваім меркаванні, ці гэта «рэвалюцыйная мэтазгоднасць», ці крымінальны разлік, ці асабістая зацікаўленасць, – лічыць Мікола Казлоў.

Беларускае Радыё Рацыя