Мікола Статкевіч: Не сумняваюся ў перамозе Украіны



Палітвязень Мікола Статкевіч праз жонку Марыну Адамовіч папрасіў прабачэння ва ўкраінцаў і сказаў, што адчувае сваю адказнасць за напад Расеі на Украіну з беларускай тэрыторыі.

Марына Адамовіч атрымала чарговае спатканне з мужам на тэрыторыі гомельскага СІЗА-3 у суботу 12 сакавіка.

– Ён не сумняваецца ў перамозе Украіны, бо з такім баявым духам і з такім войскам яны не могуць не перамагчы. Беларусам Мікалай яшчэ прасіў сказаць, што зараз усе працэсы вельмі паскорыліся і, дзякучы Украіне, мужнасці украінскага народу, доўгачаканыя перамены, у тым ліку і ў нашай краіне, могуць адбыцца нашмат хутчэй, чым можна было б на гэта разлічваць.

Па словах жонкі палітвязня, за апошні месяц Мікола Статкевіч не атрымаў ніводнага ліста і тэлеграмы. Часам даходзяць толькі бандэролі і паштовыя пераводы. Перавод дайшоў толькі адзін.

Марына Адамовіч кажа, што ў лютым Статкевіч перанёс у СІЗА каронавірус, застаўся моцны кашаль.

Нагадаем, што летась Мікола Статкевіч быў асуджаны на 14 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. За кратамі палітык знаходзіцца з 31 траўня 2020 году. Па стане на 12 сакавіка ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязнямі 1084 чалавекі.

Беларускае Радыё Рацыя