Мікола Статкевіч: Патрабуем свабодных выбараў!
Вядомыя палітыкі Мікола Статкевіч і Уладзімір Някляеў паведамілі ў Менгарвыканкам пра намер правесці на другі дзень пасля выбараў масавую акцыю на Кастрычніцкай плошчы сталіцы. Арганізатары вылучаюць патрабаванні сапраўдных выбараў замест выбарчых фарсаў, што рэгулярна арганізуе правячы рэжым. Спасылаюцца на права, гарантаванае для гэтага грамадзянам паводле 35-га артыкула Канстытуцыі.
Наш госць – Мікола Статкевіч.
РР: Спадар Мікола, якія апошнія навіны наконт Вашай акцыі “Патрабуем сапраўдных выбараў”?
Мікола Статкевіч: Гэта не толькі мая акцыя. Беларускі Нацыянальны Кангрэс заявіў пра яе падтрымку яшчэ пад час устаноўчага з’езду на пляцы Янкі Купалы ў траўні. Потым кансультацыйная нарада дэмакратычных арганізацый у свой план дзеянняў таксама ўнесла гэты дзень. Так што мелася быць супольная акцыя дэмсілаў – прынамсі, я так думаў да апошняга часу!
РР: Да таго часу, пакуль некаторыя вашыя калегі не выказаліся ў тым сэнсе, што “з бухты-барахты такія рэчы не робяцца” і “акцыя сёння не можа быць масавай”…
Мікола Статкевіч: Я, па шчырасці, здзіўлены. Бо ўсе лідары партый падпісаліся пад ёй, акрамя Янукевіча з Партыі БНФ. Ён вылучаў усё новыя і новыя патрабаванні – ад падачы заяўкі да “папярэдняга азнаямлення ўсіх з планам”. Які план у мірнай акцыі? Але нават калі ўсе яго заўвагі былі прынятыя, ён чамусьці ў апошні момант адмовіўся падпісаць супольны дакумент. Мне ўжо тады было бачна, што калегам банальна страшна. Таму “бухта-барахта”, “не падтрымліваю”, “а ці варта” ? Вам “варта”, калі улады 11-га чарговы раз плюнуць вам у твар?! Што, не варта пратэставаць супраць гэтага?! Заклікаю калег набрацца мужнасці, тым больш, ваша становішча абавязвае да гэтага. Звяртаюся і да шэраговых сяброў усіх партый. Вы павінны разумець, што прыйсці – справа гонару, годнасці ўсіх, хто лічыць сябе прыхільнікам дэмакратыі. Пратэставаць супраць бруднага фарсу, які нам арганізуе Лукашэнка.
РР: Ну а што да сумненняў у масавасці акцыі. Маўляў, ці не паўторыцца травеньскі варыянт, калі прыйшло пару-тройку сотняў чалавек?
Мікола Статкевіч: Дарэчы, кворум быў. І, даруйце, там былі дэлегаты, што праходзілі рэгістрацыю. Што да акцый, ініцыятарам якіх быў асабіста я, дык нагадаю, адбыўся Марш нацыянальнага сцягу за дзень да так званых прэзідэнцкіх выбараў, дзе тысячы і тысячы людзей былі. Думаю, масавай акцыя будзе і зараз. Прыходзьце! Мы паведамілі ўладзе за 5 дзён, як гэта прынята ў цывілізаваных краінах, што плануем рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на дэманстрацыі і мітынгі.
РР: Акцыя накіраваная, у тым ліку, супраць выбарчых фальсіфікацый. На Ваш погляд, іх ужо хапае?
Мікола Статкевіч: Гэта відавочна стала пасля таго, як некранутымі засталіся ўчастковыя выбарчыя камісіі, што ладзяць гэтую нячыстую кухню. А бліжэйшымі днямі атрымаем процьму дадатковых фактаў. Зноў ідзе загон на датэрміновае галасаванне. Да мяне на вуліцах падыходзяць людзі. Ішоў да вас, падышоў мужчына, што працуе кантралёрам у грамадскім транспарце. Паведаміў, што на працы запатрабавалі да 10 верасня прагаласаваць датэрмінова. Пару гадзін таму меў размову з сябрам Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Вацлавам Арэшкам. Ён назіральнік на ўчастку, куды ўваходзіць палітэхнічны ўніверсітэт. Да абеду прагаласавала 37% ад агульнага спісу выбаршчыкаў!
РР: Усё як у “лепшыя” часы…
Мікола Статкевіч: Будзе і яшчэ лепей! Лукашэнка, не скаромячыся, даў у завуаліраванай форме публічнае ўказанне, каб людзі галасавалі датэрмінова. Зараз пагоняць! І напішуць пад 40%. Можна і не хадзіць на тыя выбары, хто і хацеў – сэнсу не мае…
Пачатак акцыі “Патрабуем сапраўдных выбараў” адбудзецца а 18-ай 12 верасня на Кастрычніцкай плошчы. Арганізатары прапануюць уладам забяспечыць яе бесперашкоднае правядзенне.
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара