Мікола Уласевіч не змог прыцягнуць да адказнасці старшыню выбаркама
У абласным судзе Гарадзенскай вобласці разглядалася хіба апошняя скарга па „выбарах-2019”. Самавольства старшыні выбарчай камісіі №47 Смаргоньскай выбарчай акругі №59 груба парушыла выбарчае заканадаўства і не дапусціла ў дзень выбараў, 17-га лістапада, Міколу Уласевіча, як давераную асобу кандыдата, на падлік галасоў.
Вось як гэта расцэньвае праваабаронца „Беларускага хельсінкскага камітэта” Раман Юргель:
– Тое, што кіраўніца камісіі выкінула з участку давераную асобу – гэта нонсэнс. І гэта гаворыць не толькі пра яе культуру, але і пра парушэнне ёю выбарчага заканадаўства. Таму што яна не жадае ведаць Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь, дзе напісана ў арт. 13, што давераныя асобы маюць права знаходзіцца не толькі на ўчастках, але і прысутнічаць пры падліку галасоў.
Прозвішча старшыні камісіі, якая праявіла самавольства – Надзея Субач. Мікола Уласевіч не здолеў дабіцца праўды ў судзе, бо суддзя Святлана Лабар заявіла, што пачаць справу немагчыма, бо дзеянні Субач не падлеглыя суду.
Мікола Уласевіч цвердзіць, што падобныя паводзіны ў дачыненні да яго Надзея Субач з упартасцю паўтарае кожную выбарчую кампанію.
– Вось гэтая старшыня “дастала”. На працягу апошніх некалькіх выбараў – гэта былі і парламенцкія выбары, калі я быў кандыдатам у дэпутаты, а на прэзідэнцкіх яна мяне дакладна абсалютна кожны раз выдаляла з участка. І проста гэтым разам мяне ўсё ўжо дастала да такой ступені, што я пажадаў абскардзіць гэта ў судзе. Аднак суд прымае рашэнне, што такія людзі, якія арганізуюць і праводзяць выбары, у нас непадсудныя.
На падставе асноўнага закону Беларусі, кожны мае права на абарону ў судзе. Але суддзя Міхневіч, як і ягоная калега па астравецкім судзе Святлана Лабар, кіруюцца іншымі законамі, якія для іх больш „асноўныя”.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня