Аляксандр Мілінкевіч: Беларусь не вынесла ўрокаў з Чарнобыля
„Беларусь не вынесла ўрокаў з Чарнобыльскай катастрофы,” – лічыць лідар Руху „За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч, які прыняў удзел у „Чарнобыльскім шляху”.
Па яго словах, шчыры дыялог улады і грамадства адсутнічае, у прыватнасці, і на тэму наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС:
– Калі не расказваецца праўда, то паўтараецца зараз Астравец. Як можна будаваць станцыю па расейскіх тэхналогіях, якія адстаюць і з’яўляюцца небяспечнымі? Прытым гэта будзе эксперыментальная тэхналогія – на нас будуць эксперыменты ставіць. Нават калі б гэта была японская ці французская, я б таксама быў супраць. Сёння не той час. Толькі бедныя краіны будуюць атамныя станцыі. Багатыя пераходзяць на іншыя спосабы здабыцця энергіі.
„І Беларусь, якая знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, павінна была ісці гэтым шляхам. Але пайшла іншым. Цяпер беларускае грамадства апынулася ў стане закладніка. Таму яму трэба быць вельмі пільным. Патрэбны суперкантроль за якасцю будаўніцва і бяспекай працы Астравецкай АЭС – мяркуе Аляксандр Мілінкевіч.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск