Мілінкевіч: Без вулічных акцый рэжым не перамагчы (абноўлена)
Рух салідарнасці “Разам” запрашае на ўрачыстую вечарыну, прысвечаную 10-годдзю падзеям на Плошчы Каліноўскага. Імпрэза пачнецца ў офісе Партыі БНФ а 16-ай гадзіне. А напярэдадні ў офісе Партыі БНФ прайшоў круглы стол, прысвечаны Плошчы 2006 года. Сярод удзельнікаў дыскусіі — старшыня Руху “За свабоду”, кандыдат ад дэмакратычных сілаў на прэзідэнцкіх выбарах 2006 – Аляксандр Мілінкевіч:
– Можа падавацца, што, калі рэжым вельмі жорсткі, калі пануе татальны страх у грамадстве, не варта выходзіць. Я лічу, што гэта абсалютна няправільна. Без вулічных акцый не змяняюцца рэжымы. Таму гэты інструмент вельмі важны. Адзінае, – і я лічу гэта заслугай той Плошчы – нам удалося ўсім разам зрабіць так, каб Плошча была мірнай. Мы ніводнага вока міліцыянту не падбілі, ніводны волас не спаў з іх галавы. І гэта наш вялізны плюс. Такім чынам, мы паказалі грамадству, што мы ідзем не руйнаваць.
Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі адбыліся 19 сакавіка 2006 года. Увечары таго ж дня на Кастрычніцкай плошчы сабраўся шматтысячы мітынг пратэсту. Праз дзень паўстала намётавае мястэчка. Сілавікі гвалтоўна знеслі яго праз тыдзень і затрымалі больш за 600 чалавек.
* * *
Удзельнікі масавых пратэстаў на Кастрычніцкай плошчы Менска ў 2006 годзе перамаглі ў барацьбе за новы імідж Беларусі, аб гэтым заявіў экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч на пасяджэнні круглага стала „10 гадоў Плошчы-2006”, які прайшоў 19 сакавіка ў Менску, піша БелаПАН.
Па словах Мілінкевіча, у Еўропе пасля гэтай акцыі перасталі пытаць, ці праўда, што Беларусь перастала быць савецкай, ці сапраўды яна хоча быць дэмакратычнай. «На Плошчы была перамога ў барацьбе за новы імідж Беларусі, Плошча паказала іншы твар Беларусі», – сказаў Мілінкевіч.
Атмасфера на Кастрычніцкай плошчы ў тыя дні, успомніў палітык, была „вельмі энергетычная», хоць у яе арганізацыі і былі недахопы. «Але там была вера, што мы можам перамагчы», – падкрэсліў ён.
Мілінкевіч сказаў, што цяпер можна пачуць меркаванне, што пры такім цвёрдым рэжыме, як у Беларусі, не варта выходзіць на вуліцы. «Не, без вулічных акцый рэжым не перамагчы», – падкрэсліў ён, адзначыўшы, што ўдзельнікі акцыі не ладзілі пагромаў, паказалі, што яны пратэстуюць мірна.
«Калі я ўбачыў перапоўненую плошчу, ўражанні былі каласальныя. Прыходзіла разуменне, што не варта баяцца, што чалавек можа верыць у перамогу. Тыя, хто там быў, перамог свой страх», – дадаў палітык.