Мілінкевіч: Без дыялогу з Еўропай мы станем часткай Расеі



Пачынаецца працоўны візіт у Беларусь міністра замежных спраў Польшчы Вітольда Вашчыкоўскага.

Прадстаўнікі беларускай апазіцыі па-рознаму ацэньваюць яго патрэбнасць і карыснасць. Па меркаванні старшыні Руху „За свабоду” Аляксандра Мілінкевіча, дыялог паміж краінамі Захаду і беларускімі ўладамі даўно наспеў, а ў цяперашніх умовах з’яўляецца жыццёва неабходным для Беларусі.

Сваімі думкамі пра тое, ці адкрые візіт кіраўніка МЗС Польшчы ў Беларусь новую старонку ў дачыненнях паміж дзвюма краінамі, Аляксандр Мілінкевіч падзяліўся ў размове з журналістам Беларускага Радыё Рацыя Генадзем Барбарычам.

egw2ds_w631h356

РР: Якія плюсы і мінусы гэтага візіту? Не сакрэт, што частка апазіцыі лічыць дарэмным і памылковым гэты дыялог з Аляксандрам Лукашэнкам, які не збіраецца праводзіць ніякай лібералізацыі…

Аляксандр Мілінкевіч: Не будзе дыялогу, мы будзем часткай Расеі. Вось і ўвесь адказ. Ён вельмі просты. Калі мы хочам, каб наша незалежнасць умацоўвалася, нам трэба быць бліжэй да Варшавы і да Бруселя. Гэты візіт вельмі важны. А ўжо іншая рэч, як праводзіць дыялог.

У дыялогу проста няма альтэрнатывы. Таму што палітыка санкцый, палітыка ізаляцыі Беларусі непазбежна набліжае наш крах як дзяржавы. Таму дыялог, які будзе праводзіццца, – а я ўпэўнены, што Польшча гэта разумее, – павінен быць не „дыялогам для дыялогу”, не проста размовамі-перамовамі. Ён павінен мець  умовы, прычым абсалютна кантрэтныя. Павінен быць крытычным, але зычлівым. Таму што ўсё трэба зрабіць, каб Беларусь шырэй супрацоўнічала з Еўропай. Думаю, што дыялог мае сэнс і перспектыву, калі ёсць „дарожная мапа”. Гэта „дарожная мапа” можа быць публічнай, можа быць непублічнай. Але яна павінна выконвацца паступова, крок за крокам. Гэта такая надзённая праца з аўтарытарнымі рэжымамі.

РР: Якія самыя надзёныя і самыя вострыя пытанні могуць быць абмеркаваны падчас візіту кіраўніка МЗС Польшчы?

Аляксандр Мілінкевіч: Аўтарытарныя рэжымы звычайна абавязаны паляпшаць сітуацыю з дэмакратыяй і правамі чалавека. Для Беларусі важнае пытанне і адмены смяротнага пакарання таксама. Улада павінна паступова ісці да еўрапейскіх каштоўнасцей. Прытым гэта не капрыз Еўропы. Еўропа жыве па гэтых крытэрах. Еўропа аб’ядналася на гэтых каштоўнасцях. Таму яна гатова весці супрацу з тымі, хто выконвае правы чалавека. Для нас гэта вельмі важна.

Важна вырашыць праблемы Саюзу палякаў. Гэта была самая магутная, самая шматлікая, створаная знізу грамадская арганізацыя. І яе закрылі, разграмілі менавіта таму, што яна была вельмі ўплывовая, і адначасова самастойная, некіруемая, а ўлада наша хацела б усім кіраваць. Таму вельмі важна аднавіць нармальную эфектыўную дзейнасць Саюзу палякаў.

Дарэчы, Саюз палякаў Беларусі заўсёды быў групай, якая выступала за дэмакратыю, за незалежнасць Беларусі. У Саюзе палякаў, я добра ведаю, кіраўнікі выдатна размаўляюць па-беларуску. І таму гэта арганізацыя вельмі важная для дэмакратызацыі Беларусі.

Неабходна развіваць эканамічныя стасункі. Відавочна, што расейскі рынак для нас проста перастае быць такім важным, як раней. Расейскія тэхналогіі – гэта тэхналогіі мінулага стагоддзя. Нам патрэбны еўрапейскія тэхналогіі і еўрапейскія дачыненні ў экономіцы. І я думаю, што візіт паспрыяе гэтаму. Хоць не лічу, што адразу будуць падпісаны нейкія сур’ёзныя дамовы. Таму што толькі нядаўна Вітольд Вашчыкоўскі стаў кіраўніком МЗС, толькі нядаўна ў Менск прыехаў новы амбасадар Польшчы. Але візіт – гэта працягнутая рука. Польша дэманструе, што Беларусь неабыякавая для яе. Гэта адзін з першых візітаў міністра. Акрамя таго, мяне цешыць, што ён пачынаецца з наведвання Курапатаў. Гэта дэмантрацыя таго, што ў нас супольнае трагічнае мінулае. І нам трэба з ім развітацца і будаваць сваю будучыню. А закончыцца візіт у Ваўкавыску, адкуль карані Вашчыкоўскіх, яго дзяды і прадзеды. Гэта вельмі важна, калі ў палітыкаў ёсць не толькі рацыянальнасць, а ёсць яшчэ сентымент, ёсць эмоцыі. І ў Вашчыкоўскага, паколькі ён мае карані ў Беларусі, ёсць такі дадаткоы імпульс, каб развіваць стасункі з намі.

РР: Пералічваючы праблемы, якія павінны быць абмеркаваны, а лепш за ўсё врашаны, Вы не сказалі пра малы памежны рух, пра праблемы кошту віз, што дазволіць беларусам прасцей і танней ездзіць у Польшчу.

Аляксандр Мілінкевіч: Кошты віз вызначаюцца супольна, кансенсусам усімі краінамі Еўразвязу. І Польша заўсёды была за тое, каб іх кошты памяншаліся. Памежны рух, безумоўна, важны. Я думаю, што беларускія ўлады трошкі  пабойваюцца гэтага руху, бо калі людзі ездзяць у Польшу, дзе больш якасныя і танныя тавары, то, безумоўна, гэта пагражае беларускаму рынку і пагражае тым, што не будуць купляць беларускае. Але я думаю, што беларускія ўлады усё ж часам пойдуць на гэта.

Вельмі важнае пытанне пры размовах з новым міністрам замежных спраў Польшчы – гэта пытанне падтрымкі стратэгічных праектаў. Імі 10 гадоў назад Партыя „Права і справядлівасць” абрала праект „Белсат”, „Беларускае Радыё Рацыя”, праграма Кастуся Каліноўскага. Усе праграмы да сённяшняга дня дзейнічаюць. Яны вельмі важныя. Думаю, што зараз якраз час паставіць на стратэгічныя і доўгатэрміновыя праекты. І пра гэта падчас сустрэчы з Вітольдам Вашчыкоўскім таксама буду гаварыць.

РР: А падчас гэтага дыялогу Еўропы з беларускімі ўладамі ці не выпадзе за борт апазіцыя? Таму што гэта адзіная ў Беларусі сіла, якая падзяляе, падтрымлівае  дэмакратычныя  еўрапейскія каштоўнасці, за іх змагаецца. І калі апазіцыя апынецца за бортам перамоваў, то і для яе гэта будзе параза, але і Еўропа, і еўрапейскія каштоўнасці таксама не выйграюць?

Аляксандр Мілінкевіч: Канешне, дыялог павінен быць і з апазіцыяй. Ён і будзе, бо ў Вашчыкоўскага ў праграме ёсць сустрэча з беларускай грамадзянскай супольнасцю. Гэта натуральна. Але будзе апазіцыя суб’ектам перамоў ці не будзе – гэта залежыць не ад міністра замежных спраў Польшчы, а ад самой апазіцыі. Паколькі апазіцыя не можа ўжо 10 гадоў аб’яднацца, не ўмее прадэманстраваць, што яна сама хоча адыгрываць у краіне пэўную ролю. Гэта кепска і для нашага грамадства, гэта кепска і для Еўропы.

Еўрапейцы, канешне, хацелі б і з апазіцыяй размаўляць, і з уладамі. Але калі апазіцыя будзе так сябе далей паводзіць – не будзе суб’ектам, тады прыйдзецца толькі з уладай размаўляць. Таму трэба быць самакрытычным да сябе і ніколі не трэба думаць, што еўрапейцы нам штосьці абавязаны. Калі яны з намі супрацоўнічаюць, з Беларуссю, з апазіцыяй ці з рэжымам, то яны, перш за ўсё, дбаюць пра свае інтарэсы. Гэта натуральтна, на то іх народ абраў, каб яны дбалі пра інтарэсы сваёй краіны і свайго народа. А інтарэс Польшчы вельмі просты – перадусім незалежная Беларусь. Дэмакратычная, а значыць прадказальная Беларусь. Беларусь, якая імкнецца развіваць свае дачыненні з Еўропай і вяртацца ў сваю еўрапейскую сям’ю.

Супраца менавіта з такой Беларуссю цікавая для Польшчы, як падкрэсліў старшыня Руху „За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч.

Гутарыў Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота  ByMedia.net