Мілінкевіч не збіраецца балатавацца на пасаду старшыні Руху «За свабоду»



Старшыня Руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч  заявіў, што не збіраецца балатавацца ўвосень гэтага года на пасаду старшыні арганізацыі. Пра свае намеры ўзначаліць Рух ужо заявілі два намеснікі Мілінкевіча — Алесь Лагвінец і Юрась Губарэвіч. Напярэдадні выбараў старшыні арганізацыі Мілінкевіч адзначыў, што беларуская палітыка мае багаты раскольны досвед, але спадзяецца на дэмакратычнасць і адэкватнасць сваіх намеснікаў. «Я прыкладу ўсе сілы, каб мы прайшлі праз выбары цікава і бяспечна,» – гаворыць старшыня Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч:

— Мы часта заклікаем уладу: вось давай дэмакратызуйся, а дзе канкурэнцыя, у нас адзін палітык на краіну. Я шчыра рады, што мы паказваем прыклад таго, што гэта можна зрабіць і трэба рабіць. У кожным з прэтэндэнтаў я бачу вялікія плюсы, хоць ведаю і мінусы. Я лічу, што гэта павінна вырашаць арганізацыя, бо толькі тады, каля яна вырашыць, ёсць перспектыва харошай працы.

«Маю надзею, што Рух ад абнаўлення толькі выйграе,» – дадаў Аляксандр Мілінкевіч. Ад стварэння Руху «За Свабоду» Мілінкевіч нязменна з’яўляецца кіраўніком арганізацыі. Ад 17 снежня 2008 года аб’яднанне займела дзяржаўную рэгістрацыю і легальны статус у Беларусі.

Алесь Вайтовіч, Беларускае Радыё Рацыя