Міліцыя адмовілася ўзбуджаць справу аб праслухоўванні апазіцыянераў



Адпаведны адказ атрымаў з МУС старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. У інтэрв’ю „Свабодзе” палітык назваў адказ праваахоўнікаў „вельмі фармальным.

„Я б сказаў – гэта дзіцячы лопат. Яны не зрабілі нават элементарных рэчаў. Па-першае, у тым жа „Салодкім фальварку” ёсць відэакамеры, а яны нават не здагадаліся паглядзець, ці ёсць там відэаматэрыялы, якія маглі б нешта даць для ўстанаўлення ісціны. Па-другое, яны нават не праявілі цікавасці да галоўнага доказу праслухоўвання – прыстасавання для праслухоўвання, што таксама падкрэслівае, што ўсё гэта было фармальна, ніхто гэтым не займаўся. Па-трэцяе, нават не зрабілі спробы высветліць у пракуратуры – ці ёсць санкцыя, дазвол спецслужбам на наша праслухоўванне. Тады б усё стала на свае месцы.

Адсутнасць гэтых трох крокаў, для мяне як мінімум, сведчыць аб тым, што ніхто не збіраўся праводзіць расследаванне, што ўсё гэта фармалізавана. Адзіны пазітыўны вынік – тое, што мы пасадзілі іх у лужыну. Сакрэт Полішынэля, што нас праслухоўваюць, але ўсё-ткі прад’явіць доказы – гэта нешта іншае”, – заявіў палітык.

Анатоль Лябедзька кажа, што больш ні ў якія дзяржаўныя органы па гэтай справе звяртацца не будзе.

16 кастрычніка падчас сустрэчы з Уладзімірам Някляевым ў менскай кавярні „Салодкі фальварак” на плошчы Перамогі Лябедзька выявіў у сурвэтніцы „жучок” для праслухоўвання і запісу размовы.