Міліцыянтаў зацікавіў выбарчы пікет Ігара Барысава



Сёння супраць «Табакерак», наперадзе – пытанні льготаў для чарнобыльцаў і небяспека інтэграцыі з Расеяй. Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў, які балатуецца ў дэпутаты парламента па Коласаўскай выбарчай акрузе №106 каля Камароўскага рынку праводзіць свае пікеты. Тут ён сустракаецца з патэнцыйнымі выбарцамі. Кажа Ігар Барысаў:

– Сто працэнтаў грамадзян, якія да нас падыходзяць, гавораць, што мы не з той тэмы пачалі. Трэба гаварыць не толькі пра свабодныя і справядлівыя выбары, але і пра адстаўку гэтай улады, таму што яна збанкрутавала да немагчымага. А мы выбралі нейтральную тэму – ачысцім сталіцу ад “Табакерак”. Таму што гэтыя шапікі стаяць у рэгіёнах. І адзін з сяброў нашага прэзідэнта, я мяркую, атрымаў манаполію на гэтыя шапікі.

Падыходзіла міліцыя, маўляў, парушаеце правы тых людзей, хто паліць, расказвае Ігар Барысаў, якому давялося тлумачыць міліцыянтам, што актывісты праводзяць пікет у рамках закону.

– Ужо быў тут невялічкі канфлікт. Супрацоўнікі міліцыі падышлі, сказалі, каб знялі расцяжкі, бо мы парушаем правы тых, хто паліць. Прыйшлося тлумачыць міліцыянтам, што гэта агітацыйны пікет. Усё цалкам дазволена і мы нічога не парушаем. Сказалі, што перададуць інфармацыю ва ўчастковую камісію.

Асноўны дзень галасавання на парламенцкіх выбарах 17 лістапада. Датэрміновае галасаванне ў Беларусі ўжо пачалося. Паводле дзяржаўнага партала vybary2019.by, яўка выбарцаў ужо складае 4.69 % (больш за 4.5 адсоткаў).

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя