Мінабароны Беларусі абвяргае прысутнасць беларускіх вайскоўцаў ва Украіне



Мінабароны Беларусі абвяргае ўдзел і прысутнасць беларускіх вайскоўцаў у ваенных дзеяннях ва Украіне. Пра гэта гаворыцца ў заяве, апублікаванай 28 лютага ў сувязі са зваротамі грамадзян наконт магчымага ўдзелу беларускага боку ў ваенных дзеяннях.

„Беларускія ваеннаслужачыя выконваюць задачы ў адпаведнасці з планам падрыхтоўкі Узброеных Сіл па прызначэнні ў 2021/2022 навучальным годзе толькі ў межах граніц Рэспублікі Беларусь і ўдзелу ў спецыяльнай ваеннай аперацыі на тэрыторыі Украіны не прымаюць”, – сцвярджаюць у абаронным ведамстве.

Таксама публікуюцца тлумачэнні для грамадзян, «якія ў перамяшчэнні любой калоны ваеннай тэхнікі, альбо адзіночных узораў адразу бачаць перакідку сіл ва Украіну».

«Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь займаюцца ў адпаведнасці з планам падрыхтоўкі па прызначэнні і перамяшчэнне тэхнікі і асабовага складу з’яўляецца звычайным працэсам. Мы ўжо неаднаразова заяўлялі, што частка сіл і сродкаў ваеннага ведамства выконваюць задачы па ўзмацненні аховы ўчасткаў Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь, у тым ліку на яе паўднёвым напрамку», – заяўляюць у Мінабароны.