Мінабароны Беларусі і Літвы абмеркавалі пытанні ваеннай супрацы
Начальнік дэпартамента міжнароднага супрацоўніцтва Міністэрства абароны Беларусі генерал-маёр Алег Воінаў 4 снежня ў Менску правёў перамовы з літоўскай дэлегацыяй на чале з дырэктарам па пытаннях абароннай палітыкі Міністэрства нацыянальнай абароны Літвы Робертасам Шапронасам.
Як паведамляе прэс-служба беларускага ваеннага ведамства, Воінаў, які таксама з’яўляецца памочнікам міністра абароны ў сферы міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва, абмеркаваў з літоўскімі калегамі „стан і перспектывы двухбаковага ваеннага супрацоўніцтва, а таксама актуальныя пытанні рэгіянальнай і міжнароднай бяспекі”.
Паміж Беларуссю і Літвой з 19 ліпеня 2001 года дзейнічае дамоўленасць аб дадатковых мерах даверу і бяспекі. Яна была заключаная ў адпаведнасці з нормамі Венскага дакумента, прынятага дзяржавамі — удзельніцамі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе.
belapan.by