Мінабароны: Эпідэміялагічнае становішча дазваляе правесці парад



Цяперашняе эпідэміялагічнае становішча ў Беларусі дае магчымасць Узброеным сілам правесці ваенны парад да 75-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Гэта вынікае з адказу міністра абароны Віктара Хрэніна на петыцыю з патрабаваннем забараніць рэпетыцыю і правядзенне 9 мая ў Менску парада.

Петыцыя, адрасаваная Міністэрству аховы здароўя і Міністэрству абароны, была размешчаная на сайце petitions.by  21 сакавіка. За 10 дзён яе падпісала больш за 7,3 тыс. інтэрнэт-карыстальнікаў. Аўтары сярод іншага патрабавалі „забараніць правядзенне парада ваеннай тэхнікі, каб пазбегнуць таго, каб ёю кіравалі заражаныя асобы, добраахвотна-прымусовы ўдзел работнікаў дзяржаўных арганізацый у ваенным парадзе з мэтай стварэння масоўкі, адмяніць правядзенне рэпетыцый ганаровай варты на тэрыторыі Мінска”.

На зэканомленыя сродкі, на думку аўтараў петыцыі, варта было б набыць пажылым людзям, асабліва ветэранам, медыкаменты і іншыя прадметы першай неабходнасці, закупіць медыцынскія матэрыялы і сродкі неадкладнай дапамогі для медустаноў, азеляніць Мінск „для нармалізацыі экалагічнай сітуацыі і зніжэння рызык развіцця розных захворванняў у насельніцтва”, а таксама адрамантаваць дарогі і масты на найбольш аварыйных участках — замест „бягучага рамонту пасля праходжання ваеннай тэхнікі”.

У адказе міністра абароны, прымацаваным да тэксту петыцыі, адзначана, што для Беларусі ваенныя парады — „даніна гераізму і стойкасці народа, самаадданай барацьбе супраць фашысцкіх захопнікаў, бяспрыкладнаму працоўнаму подзвігу тых, хто ўздымаў рэспубліку з руін”, а таксама традыцыя, якая сімвалізуе „гатоўнасць беларускага народа адстойваць нацыянальныя інтарэсы дзяржавы”.

„Наяўная ў сапраўдны момант у Рэспубліцы Беларусь эпідэміялагічная сітуацыя дазваляе Узброеным сілам праводзіць планавыя мерапрыемствы баявой падрыхтоўкі, — падкрэсліў Хрэнін. — Падрыхтоўка і правядзенне парада з`яўляецца складнікам баявой падрыхтоўкі войскаў. Падчас трэніровак асабісты склад удасканальвае навыкі, у тым ліку кіравання і абслугоўвання замацаванай за ім тэхнікі, павышае прафесійнае майстэрства. Падчас правядзення трэніровак асабістага складу да ўдзелу ў ваенным парадзе, у тым ліку роты ганаровай варты каменданцкага батальёна Мінскай ваеннай камендатуры, службовымі асобамі медыцынскай службы Узброеных сіл выконваецца комплекс супрацьэпідэміялагічных і лячэбна-прафілактычных мерапрыемстваў”.

Міністр адзначыў, што захады, якія робяцца, забяспечваюць „падтрыманне эпідэміялагічнага становішча ва Узброеных сілах на належным узроўні”, а таксама здольнасць і гатоўнасць УС „да выканання любых задач, у тым ліку нарошчвання патэнцыялу дзяржавы ў барацьбе з віруснымі інфекцыямі”.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што грошы для правядзення парада „асобным артыкулам выдаткаў ваеннаму ведамству не вылучаюцца”. Фінансаванне падрыхтоўкі і правядзення парада „ажыццяўляецца ў межах сродкаў, выдзеленых Мінабароны на бягучае ўтрыманне Узброеных сіл”.

belapan.by