Мінабароны не каментуе дакумент, нібыта з-за якога затрымалі ўкраінца



У Міністэрстве абароны Беларусі не каментуюць дакумент, нібыта з-за якога КДБ затрымаў украінскага журналіста Паўла Шаройку.

„Без каментараў”, — заявіў БелаПАН прэс-сакратар Мінабароны палкоўнік Уладзімір Макараў.

Грамадзянін Украіны карэспандэнт Грамадскай нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Украіны Павел Шаройка быў затрыманы ў Менску 25 кастрычніка. 20 лістапада на брыфінгу афіцыйны прадстаўнік КДБ Беларусі Дзмітрый Пабяржын заявіў, што ў дачыненні да затрыманага, які, паводле яго слоў, з’яўляецца кадравым супрацоўнікам галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны і стварыў у Беларусі агентурную сетку, распачатая справа за шпіянаж (арт. 358 КК).

Сёння народны дэпутат Украіны, каардынатар групы „Інфармацыйны супраціў” Дзмітрый Тымчук заявіў, што Паўла Шаройку затрымалі на падставе падробленага дакумента, які спрабаваў яму перадаць супрацоўнік расейскага НТВ. Копію дакумента Тымчук размясціў у сетцы. Тэкст тычыцца задач беларускім Узброеным сілам паводле вынікаў сумесных з Расіяй стратэгічных вучэнняў „Захад-2017”. У дакуменце, у прыватнасці, ідзе гаворка пра падрыхтоўку да перамяшчэння ў Беларусь расейскіх ваенных часцей. Украінскія палітыкі ўпэўненыя, што скандал інспіраваны расейскімі спецслужбамі.

Зараз эксперты задаюцца пытаннем аб сапраўднасці дакумента і аб тым, як ён трапіў ва Украіну, калі фігуруе ў справе.