Мінабароны: Ніякая расейская танкавая брыгада ў Беларусь не перакідваецца



Ніякая расейская танкавая брыгада ў Беларусь не перакідваецца, заявіў БелаПАН прэс-сакратар Міністэрства абароны краіны палкоўнік Уладзімір Макараў.

Паводле яго слоў, усе заяўленыя раней для ўдзелу ў вучэннях „Захад-2017” асабісты склад і танкі расейскай арміі ўжо знаходзяцца на беларускіх палігонах.

Раней прэс-служба Заходняй ваеннай акругі Расеі паведаміла, што падраздзяленні 1-й танкавай арміі ЗВА паднятыя па трывозе ў рамках сумесных беларуска-расейскіх стратэгічных вучэнняў „Захад-2017”. Паводле задумы вучэнняў, была атрымана аператыўная інфармацыя пра выяўленне на тэрыторыі аднаго з раёнаў Саюзнай дзяржавы незаконнага ўзброенага фарміравання. Камандаванне акругі прыняло рашэнне аб пад’ёме па трывозе асабістага складу асобнай танкавай брыгады 1-й гвардзейскай танкавай арміі, дыслакаванай у Падмаскоўі.

Асабісты склад танкавага злучэння са штатным узбраеннем і тэхнікай ажыццявіў марш на чыгуначную станцыю пагрузкі, пасля чаго воінскім эшалонам і ў складзе калон на працягу сутак будзе перакінуты ў раён правядзення вучэнняў на тэрыторыю Беларусі, адзначалася ў рэлізе.

„Падчас вучэнняў расейскія танкісты сумесна з беларускімі калегамі адпрацуюць пытанні ўзаемадзеяння і ўсебаковага забеспячэння войскаў, сучасныя падыходы баявога прымянення падраздзяленняў пры вядзенні барацьбы з незаконнымі ўзброенымі фарміраваннямі і дыверсійна-разведвальнымі групамі праціўніка”, — гаварылася ў паведамленні.

Вучэнні праводзяцца з 14 па 20 верасня на тэрыторыі дзвюх краін пад агульным кіраўніцтвам начальнікаў генеральных штабоў узброеных сіл Расеі і Беларусі.