Мінабароны падрыхтавала прапановы „для падвышэння прэстыжу тэрміновай службы”
Міністэрства абароны прапрацавала дадатковыя прапановы, якія дазволяць «падвысіць прэстыж тэрміновай службы». Пра гэта паведаміў 14 ліпеня журналістам кіраўнік абароннай установы Андрэй Раўкоў.
Паводле Раўкова, Мінабароны ўнесла яшчэ адну прапанову Мінпрацы – «увесці каэфіцыенты ў залежнасці ад даўжыні тэрміновай вайсковай службы для пераразліку пенсійнага стажу».
Міністэрства абароны таксама працуе над прапановамі іншых «прэферэнцый» тым, хто адслужыў у войску. Мяркуецца, што ў студзені 2020-га пачне дзеянне закон, згодна з якім першачарговае права на атрыманне месца ў інтэрнаце будзе нададзена навучэнцам, якія прайшлі тэрміновую вайсковую службу цi службу ў рэзерве, – тым, у каго ёсць рэкамендацыі воінскіх часцей.
Цяпер разглядаецца пытанне пра наданне льготаў і пры працаўладкаванні. Напрыклад, гэта датычыцца захавання права вярнуцца на ранейшае месца працы цягам трох месяцаў з дня заканчэння вайсковай службы.
Што тычыцца адукацыі, ужо атрымала падтрымку прапанова пераважнага права на залічэнне ў ВНУ і ССНУ тых, хто адслужыў. Плануецца, што людзі з досведам вайсковай службы змогуць бясплатна навучацца за кошт дзяржавы на падрыхтоўчых аддзяленнях ВНУ.
Фота БелТА