Мінабароны РБ абвесціла вайсковыя вучэнні на Гарадзеншчыне
Мінабароны РБ абвесціла вайсковыя вучэнні на Гарадзеншчыне. Пра гэта паведаміла прэс-служба міністэрства.
З 17-га па 20 жніўня нібыта „у адпаведнасці з Планам падрыхтоўкі Узброеных сіл” на ваенных палігонах і асобных участках мясцовасці пройдзе шэраг тактычных вучэнняў з батарэямі рэактыўных дывізіёнаў з высоўваннем на ўчастак мясцовасці паблізу Астраўца, палігоны „Гожскі” і „Нёман”. Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі выканаюць задачы па заступленні на баявое дзяжурства па прызначаных аб’ектах (мэтах).
Падраздзяленні 147, 1146 і 740 зенітных ракетных палкоў выехалі ў вызначаныя раёны і заступілі на баявое дзяжурства па супрацьпаветранай абароне ў рамках аховы Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь у паветранай прасторы.
У рамках батальённага тактычнага вучэння асабовы склад 103-й паветрана-дэсантнай брыгады высунецца на палігон „Гожскі”, дзе супольна з органамі памежнай службы адпрацуе пытанні ўзмацнення ўчасткаў Дзяржаўнай мяжы.
Таксама ў гэты перыяд на „Абуз-Лясноўскім” і „Гожскім” палігонах пройдуць планавыя заняткі па баявой падрыхтоўцы з баявой стральбой з асобнымі танкавымі і механізаванымі батальёнамі 6-й і 11-й асобных механізаваных брыгад.
Беларускае Радыё Рацыя