Мінабароны Украіны назвала верагодныя кірункі расейскіх абстрэлаў Кіева
У Міністэрстве абароны Украіны заявілі, што пагрозы абстрэлу ўкраінскай тэрыторыі з Беларусі застаюцца дагэтуль.
„Небяспека нанясення па сталіцы і ваколіцах Кіева ракетных удараў Расеяй застаецца. Ведаем пра тактычныя ракетныя комплексы тыпу „Іскандэр”, якія знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, і таксама ведаем пра сем караблёў, якія знаходзяцца ў акваторыі Чорнага і Азоўскага мораў і якія нясуць крылатыя ракеты марскога базавання тыпу „Калібр”, якімі Расея можа абстраляць усю тэрыторыю Украіны”, — сказаў спікер Міністэрства абароны Украіны Аляксандар Матузянік у Кіеве на брыфінгу.
Спікер украінскага Міністэрства абароны дадаў, што сем беларускіх батальёнаў працягваюць выконваць заданне ўзмоцненай аховы беларуска-ўкраінскай мяжы ў Гомельскай і Берасцейскай абласцях. Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Украіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны, перамяшчэння сіл і правозу параненых у шпіталі.