Мінэнерга Расеі абмеркавала з Мезенцавым супрацоўніцтва з Беларуссю



Выканаўца абавязкаў міністра энергетыкі Расейскай Федэрацыі Аляксандр Новак 17 студзеня сустрэўся з паслом Расейскай Федэрацыі ў Беларусі Дзмітрыем Мезенцавым.

Разглядаліся актуальныя пытанні двухбаковага супрацоўніцтва паміж Расейскай Федэрацыяй і Беларуссю ў энергетычнай сферы, паведамляе Міністэрства энергетыкі РФ.

«У межах сустрэчы былі, у прыватнасці, абмеркаваныя пытанні інтэграцыйнай работы і ўмацавання партнёрства паміж прадпрыемствамі энергетычнай галіны дзяржаў», – гаворыцца ў паведамленні.

Варта зазначыць, што напярэдадні гэтай сустрэчы, 16 студзеня, адбылася тэлефонная размова прэм’ер-міністра Беларусі Сяргея Румаса з паслом Мезенцавым. «Бакі абмеркавалі пытанні двухбаковага супрацоўніцтва з улікам новых прызначэнняў у расейскім урадзе», – паведаміла прэс-служба беларускага ўрада.

15 студзеня прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін звярнуўся са штогадовым пасланнем да Федэральнага сходу, у якім абвясціў пра канстытуцыйную рэформу ў краіне. У прыватнасці размова ішла пра тое, каб перадаць Дзярждуме права зацвярджаць кандыдатуру старшыні ўрада і прадстаўленых ім віцэ-прэмʼераў і міністраў. Праз некалькі гадзін урад Расейскай Федэрацыі пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Мядзведзева пайшоў у адстаўку.

У гэты ж дзень Пуцін прапанаваў кіраўніку Федэральнай падатковай службы Міхаілу Мішусціну заняць пасаду старшыні ўрада.

1 студзеня Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь у сувязі з рознагалоссямі па цане: 31 снежня скончыліся гадавыя кантракты, а новыя пакуль не падпісаныя. Пасля спынення паставак нафты Беларусь спыніла экспарт нафтапрадуктаў. Пры гэтым транзіт нафты праз Беларусь ажыццяўляецца без абмежаванняў.

Што датычыцца паставак расейскага газу ў Беларусь, то цана вызначаная толькі на два месяцы 2020 года. У студзені–лютым яна застанецца ранейшай і складзе 127 долараў за 1 тысячу кубаметраў.

БелаПАН