Мінфін РФ: Расея не прыпыняе крэдытаванне Беларусі
Міністэрства фінансаў Расеі не прыпыняе крэдытаванне Беларусі, вынікае з атрыманага БелаПАН паведамлення расейскага фінансавага ведамства.
„Інфармацыя аб прыпыненні Расейскай Федэрацыяй крэдытавання Беларусі не адпавядае рэчаіснасці. Так, згодна з наяўнымі дамоўленасцямі, фінансуюцца расходы, звязаныя з выкарыстаннем Рэспублікай сродкаў дзяржаўнага экспартнага крэдыту, выдзеленага на збудаванне АЭС. Пачалася і актыўна вядзецца падрыхтоўка дакументаў, неабходных для выдзялення новага фінансавага крэдыту, а таксама траншаў крэдыту, выдзеленага па лініі ЕФСР”, — паведамілі БелаПАН у прэс-службе Мінфіна Расеі.
Дадзеная інфармацыя зявілася пасля таго, як 10 жніўня агенцтва Рэйтэр расказала аб планах Расеі абмежаваць бяспошлінныя пастаўкі нафтапрадуктаў і звадкаванага газу ў Беларусь з чацвёртага квартала 2018 года, спасылаючыся на страты свайго бюджэту. „Расейскі бок ініцыяваў спыненне практыкі бесперашкоднага вывазу з Расейскай Федэрацыі ў Рэспубліку Беларусь нафтапрадуктаў.., матывуючы гэта стратамі расейскага бюджэту ва ўмовах павялічанага аб`ёму іх вывазу”, — гаворыцца ў тлумачальнай запісцы да пратакола змяненняў міжурадавага пагаднення намесніка старшыні канцэрна „Белнафтахім” Андрэя Рыбакова, копіяй якой валодае Рэйтэр.
Па гэтай прычыне „часова заблакавана пералічэнне Беларусі двух траншаў крэдытнай лініі ЕФСР (Еўразійскай фонду стабілізацыі і развіцця), у ліпені 2018 года прыпынена выплата па так званаму механізму ператьаможкі, а таксама прыпынена работа па выдзяленні ў 2019 годзе Беларусі дзяржкрэдыту да 1 мільярда долараў”.
У дакуменце таксама адзначаецца, што Расея чакае кампенсацыі за пастаўленыя раней у Беларусь нафтапрадукты. „Аднаўленне далейшага супрацоўніцтва… расійскі бок увязвае з вырашэннем пытання па ўстанаўленні забароны на вываз нафтапрадуктаў з РФ у Рэспубліку Беларусь і кампенсацыі страт расійскага бюджэту за раней вывезеныя нафтапрадукты”, — гаворыцца ў запісцы Рыбакова.
Праграму аб атрыманні крэдыту на 2 млрд долараў ад Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця беларускія ўлады падпісалі вясной 2016 года. Крэдыт павінен быць выдзелены ў 2016—2018 гадах сямю траншамі. Беларусь атрымала пяць траншаў на агульную суму 1,6 млрд долараў. Для атрымання астатніх двух траншаў ўлады павінны рэалізаваць комплекс мер у галіне макраэканамічнай палітыкі. Раней Міністэрства фінансаў разлічвала атрымаць апошнія траншы еўразійскага крэдыту на 400 млн долараў у першым квартале 2018 года.
У 2017 годзе Беларусь і Расея таксама дамовіліся аб пастаўках нафты ў аб`ёме 24 млн тон у год. „Да 2018 года ўключна з 24 млн 18 будзе адпраўляцца на перапрацоўку НПЗ нам. Гэта прымальна, выгадна для заводаў. Ну, а 6 млн тон будуць ператаможвацца — такі тэрмін мы ўжылі. Важна, што ўвазныя пошліны ад гэтай ператаможкі будуць паступаць у бюджэт Рэспублiкi Беларусь”, — расказваў беларускі віцэ-прэм`ер Уладзімір Сямашка.
belapan.by