Мінгандлю пагадзілася з прапановай актывістаў БХД



Міністэрства гандлю пагадзілася з адной з прапаноў актывістаў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Чыноўнікі ў сваім адказе на зварот БХД адзначылі, што “распрацаваны  праект закону “Аб унясенні зменаў у Закон “Аб рэкламе”, які прадугледжвае забарону рэкламы парасонавых брэндаў”, якія пад прыкрыццём рэкламы вады і напояў насамрэч рэкламуюць маркі алкаголю.

Актывістка БХД Вольга Кавалькова станоўча ацэньвае адказ уладаў, але на яе думку гэтага не дастаткова, каб спыніць алкагалізацыю насельніцтва:

– Алкагалізм для Беларусі сапраўды вялікая праблема і гатовыя працаваць дзеля вырашэння гэтай сітуацыі – гэта добра. З іншага боку мы бачым, што павялічваецца колькасць продажу, вырабу алкаголю, з гэтым таксама трэба нейкія меры прадпрымаць. Мы будзем надалей працягваць, кампанія не спыняецца, мы надалей будзем збіраць подпісы і таксама будзем працаваць, каб дамагчыся астатніх нашых зменаў.

Разам з тым Міністэрства гандлю лічыць немагчымай іншую прапанову БХД, а менавіта вынас алкагольнай прадукцыі ў асобныя памяшканні. Зараз БХД чакае адказаў ад іншых міністэрстваў.

Беларускае Радыё Рацыя