Мінінфарм Беларусі прапаноўвае Польшчы супрацу ў сферы інфармацыі



Намеснік міністра замежных спраў Польшчы Марэк Зюлкоўскі сустрэўся ў Менску з міністрам інфармацыі Беларусі Ліліяй Ананіч.

Як паведамляе сайт Мінінфарма, сустрэча адбылася 15 сакавіка па ініцыятыве польскага боку, на ёй „абмяркоўваліся пытанні інфармацыйнага ўзаемадзеяння”, у тым ліку „паглыбленне супрацоўніцтва паміж беларускім і польскім бакамі ў сферы друку”. Зюлкоўскі высока ацаніў удзел выдаўцоў Польшчы ў XXIV Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы і абяцаў цалкам спрыяць у арганізацыі нацыянальнай экспазіцыі Беларусі на Варшаўскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы ў маі 2017 года, адзначаюць у Мінінфарме.

Удзельнікі перамоў абмяняліся інфармацыяй аб прававой базе ў сферы масмедыя.

„Беларускі бок прапанаваў для разгляду пытання аб супрацоўніцтве ў галіне інфармацыі стварэнне платформы на ўрадавым узроўні. Зюлкоўскі ў сваю чаргу выказаў зацікаўленасць у распаўсюджванні ў Беларусі польскіх СМІ”, — гаворыцца ў паведамленні. Пра якія менавіта польскія СМІ ідзе гаворка, не ўдакладняецца.

У лютым гэтага года ў артыкуле для газеты Rzeczpospolita Зюлкоўскі адзначаў, што польскі бок па-ранейшаму разлічвае, што Беларусь дазволіць вяшчанне на сваёй тэрыторыі TVP Polonia. У канцы 2016 года беларускі бок заявіў пра тое, што рыхтуе адпаведную прапанову, паведамляў аўтар артыкула. „У хуткім часе мы даведаемся, наколькі гэта будзе прымальна для нашага тэлебачання”, — дадаў Зюлкоўскі.

У гэтым жа артыкуле чыноўнік паведаміў пра скасаванне дамовы паміж МЗС Польшчы і Польскім тэлебачаннем аб стварэнні спадарожнікавага тэлеканала „Белсат”, які вяшчае на Беларусь. „Мы ахвотна пачнем з дасведчанай беларускай камандай „Белсата” дыскусіі аб тым, як змяніць гэтае СМІ, каб яно магло знайсці неабходнага спонсара і падняць прэстыж важнага сродку беларускай камунікацыі”, — адзначаў намеснік міністра замежных спраў Польшчы.

Варта зазначыць, што „Белсату”, які вяшчае са снежня 2007 года, так і не ўдалося атрымаць акрэдытацыю ў Беларусі.

БелаПАН