Міністэрства культуры заяўляе, што не ўхіляецца ад праблемы Курапатаў
Міністэрства культуры не ўхіляецца ад праблемы Курапатаў, заявіла начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Мінкультуры Наталля Хвір на прэс-канферэнцыі 16 красавіка ў Нацыянальным прэс-цэнтры.
„Магу сказаць, што мы, Міністэрства культуры, не ўхіляемся ад праблемы, бо яна існуе. Мы разглядаем пытанні, нават перавышаючы кампетэнцыю, якія пытанні могуць паўстаць не толькі з пункту гледжання нашага (галіновага.) заканадаўства. Мы неаднаразова праводзілі нарады з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, з праваахоўнымі органамі, якія таксама падключаныя. Пытанне сур’ёзнае і патрабуе прапрацоўкі. Але адказваць трэба не толькі Міністэрству культуры. Пытанні, звязаныя з аховай спадчыны, гэта наша агульная справа, як любога грамадзяніна, мы ўсе павінны надаваць гэтаму ўвагу”, — сказала Хвір.
Паводле яе слоў, на кожны аб’ект, які ўключаецца ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны, прадугледжана распрацоўка праекта ахоўнай зоны, дзе прапісаны рэгламент работ.
„Пастановай № 70 (ад 1 снежня 2014 года.) прадугледжана, што на аб’екце могуць весціся работы па добраўпарадкаванні. На сённяшні дзень Міністэрства культуры не выдавала дазволу на правядзенне работ па добраўпарадкаванні, бо гэта заканадаўствам не прадугледжана”, — падкрэсліла яна.
Хвір адзначыла, што бачыла канцэпцыю добраўпарадкавання мемарыяла, якую распрацавалі мясцовыя органы ўлады. Што тычыцца ўстаноўкі агароджы, то, паводле яе слоў, ёсць пэўныя патрабаванні, якія датычацца месцаў пахаванняў, і ў іх указана неабходнасць устаноўкі агароджы па перыметры.
„Мы жывем у прававым полі, і ёсць маса актаў, якія павінны выконвацца. Міністэрства культуры выконвае патрабаванні заканадаўства, як і любы грамадзянін, незалежна ад поглядаў. Тут пытанне перасягнула рысу аховы спадчыны, тут ужо пачынаюцца іншыя пытанні”, — сказала прадстаўнік ведамства.
Намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Дзмітрый Лакіза таксама адзначыў, што ў дачыненні да добраўпарадкавання ў Курапатах афіцыйныя органы ў яго ведамства не звярталіся, таму што гэта не рэгламентуецца заканадаўствам.
„Гэта гісторыка-культурная каштоўнасць, і ў яе дачыненні прапісаны механізмы дзеянняў, што павінна адбывацца, ёсць уласнік, ёсць пашпарт. Чаму так адбылося — я не магу сказаць. Асабіста я і многія мае калегі так бы не рабілі, Курапаты — гэта тое месца , якое павінна аб`ядноўваць грамадства. Гэта такое меркаванне, што трэба было рабіць трохі па-іншаму. Але ад нас гэта не залежыць, з навуковага пункту гледжання мы зрабілі ўсё, што маглі”, — сказаў Лакіза.
Паводле яго слоў, Інстытут гісторыі рыхтуе зборнік дакументаў і матэрыялаў „Курапаты. Месца палітычных рэпрэсій, гісторыка-культурная каштоўнасць”. „Спадзяюся, што вось-вось гэты зборнік дакументаў будзе апублікаваны, і ён пралье святло на многія пытанні”, — сказаў навуковец.
Паведаміць падрабязнасці карэспандэнту БелаПАН Лакіза адмовіўся, спаслаўшыся на тое, што зборнік „павінен быць дастаткова падрыхтаваным, многія дакументы з архіваў патрабуюць зняцця грыфаў сакрэтнасці”.
У той жа час ён пракаментаваў праблему ўстанаўлення дакладнай колькасці і імёнаў пахаваных ва ўрочышчы Курапаты: „Я адкажу асабіста і выкажу меркаванне многіх сваіх калег: мы ніколі не даведаемся дакладную колькасць, і спрэчкі застануцца. Сказаць, колькі там пахавана, практычна немагчыма. Я асабіста і многія мае калегі заўсёды будзем супраць даследаванняў або працы, накіраванай на раскрыццё ўсіх упадзін у Курапатах. Там пахаваныя забітыя людзі, не трэба іх трывожыць”.
Паводле яго слоў, у большасці выпадкаў асобы пахаваных ўстанавіць немагчыма.
„Па тых археалагічных матэрыялах, прадметах, якія былі выяўленыя ў пахаваннях, устаноўлены толькі два прозвішчы мужчын яўрэйскай нацыянальнасці. Гэта ўсё, што ўдалося ўстанавіць з амаль тысячы ідэнтыфікаваных людзей”, — заявіў ён.
1 сакавіка Аляксандр Лукашэнка падчас „Вялікай размовы з прэзідэнтам” заявіў, што Курапаты будуць прыведзены ў парадак. „І каб дэманстрацый з крыжамі па перыметры там таксама не было. Ну навошта вы там павыстаўлялі гэтыя белыя крыжы (гаворка ідзе пра новыя крыжы, устаноўленыя актывістамі летам мінулага года.)? Вам што, царква дазволіла гэта рабіць? Гэта дэманстрацыя, а я супраць такой дэманстрацыі”, — заявіў ён.
4 красавіка ў Курапатах па рашэнні ўлад былі знесеныя і вывезеныя ў невядомым напрамку 70 шасціметровых крыжоў. Гэтыя дзеянні выклікалі негатыўны рэзананс у грамадстве.
5 красавіка Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў усіх вернікаў Беларусі „падчас набажэнстваў Крыжовага шляху прасіць прабачэння за кожны грэх святатацтва супраць Святога Крыжа, здзейснены на нашай зямлі ва ўсе часы”.
З 4 па 7 красавіка пры розных акалічнасцях, так ці інакш звязаных з Курапатамі, было затрымана каля 20 чалавек, частку з іх судзілі, пакараўшы адміністратыўнымі арыштамі і буйнымі штрафамі.
10 красавіка абаронцы Курапатаў перадалі ў Адміністрацыю прэзідэнта адкрыты зварот на імя Лукашэнкі з заклікам вярнуць на
месца дэмантаваныя крыжы.
13 красавіка ў Курапатах прайшоў „суботнік па добраўпарадкаванні тэрыторыі” з удзелам прадстаўнікоў БРСМ і „Белай Русі”. Ва ўрочышчы былі знесеныя 24 металічныя крыжы, якія стаялі ўздоўж Менскай кальцавой аўтадарогі.