Міністэрства юстыцыі падало ў суд іск аб ліквідацыі ГА БНФ «Адраджэньне»
У Вярхоўным Судзе Беларусі распачатая справа па іску Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі Грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэньне”. Падрыхтоўчая сустрэча бакоў па справе прызначаная на 20 жніўня.
Грамадскае аб’яднанне БНФ “Адраджэньне” – адно з найстарэйшых грамадска-палітычных аб’яднанняў Беларусі. Заснаваная ў 1988 годзе на пасяджэнні Аргкамітэту БНФ у Менску арганізацыя была зарэгістраваная як агульнанацыянальнае грамадскае аб’яднанне ў 1991 годзе, да 1999 году мела назву Белорусский Народный Фронт „Адраджэньне” (назва была змененая, калі было забаронена ўжываць у назвах грамадскіх аб’яднанняў тэрмін “народны”). Аб’яднанне структурна-юрыдычна адасобленае ад Партыі БНФ, хоць склад кіраўніцтва палітычнай партыі і руху з’яўляецца ідэнтычным – абедзве арганізацыі ўзначальвае старшыня Рыгор Кастусёў, які цяпер знаходзіцца пад вартай у СІЗА КДБ, супадае і склад Сойму як кіруючага органу.
Як паведаміў намеснік старшыні БНФ Вадзім Саранчукоў, які выконвае абавязкі кіраўніка грамадскага аб’яднання падчас зняволення стрышыні, падставай для іска аб ліквідацыі пазначанае невыкананне патрабаванняў пісьмовага папярэджання, якое, як высветлілася, было вынесенае на адрас Грамадскага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне” 14 ліпеня.
Нагадаем, менавіта 14 ліпеня сілавікі выламалі дзьверы ў сядзібе БНФ, дзе месцяцца аргструктуры Партыі БНФ і Грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэнне”. Гэты напад стаўся часткай рэйду праваахоўных органаў, які ў той дзень віраваў па арганізацыях грамадзянскай супольнасці Беларусі. Пасля гэтага офіс БНФ быў апячатаны Следчым камітэтам і супрацоўнікі арганізацыіі не мелі доступа да яе дакументаў.
Як кажа намеснік старшыні партыі і руху БНФ Вадзім Саранчукоў, у арганізацыі разглядаюць іск аб ліквідацыі грамадскай структуры БНФ як частку абвешчанай уладамі кампаніі зачысткі грамадзянскай супольнасці:
– Апошні год БНФ жыве ў стане перманентных праверкі з боку рэгіструючых органаў – правяраюць як цэнтральную арганізацыю, так і мясцовыя аргструктуры. Калі з высокіх трыбунаў прагучалі заклікі да вынішчэння арганізацыяў грамадзянскай супольнасці, атрыманне іску аб ліквідацыі БНФ быў толькі пытаннем часу. Падкрэслю, што пакуль гаворка не вядзецца аб лівкідацыі Партыі БНФ – пададзены іск аб ліквідацыі толькі руху, Грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэньне”.
Фактычныя падставы для ліквідацыі выглядаюць сумнеўна – быццам бы арганізацыя не выканала патрабаванні пісьмовага папярэджання, якое было вынесенае у той час калі сілавікі выносілі маюмаць і дакументы з сядзібы БНФ у Менску на вуліцы Чарнышэўскага. Натуральна, ніякага папярэджання мы не атрымлівалі, калі яно нават і было дасланае – адпаведна і юрыдычныя падставы для ліквідацыі арганізацыі адсутнічаюць.
Паводле статуту, Грамадскае аб’яднанне БНФ “Адраджэньне” – гэта дабраахвотнае аб’яднанне грамадзян у рух за рэалізацыю грамадзянскіх, эканамічных, сацыяльных і культурных правоў. Мэтай руху ёсць пабудова дэмакратычнага грамадства і дэмакратычнай праўнай дзяржавы, адраджэнне беларускай нацыі на прынцыпах дэмакратыі і гуманізму, развіццё культуры карэннай нацыянальнасці ды ўсіх нацыянальных супольнасцяў на Беларусі. Справаздача аб дзейнасці аб’яднання за 2020 год апублікаваная ў газэце “Наша Слова” № 4 ад 24 лютага 2021 года (спампаваць PDF). Паводле яе на ўліку БНФ “Адраджэньне” знаходзіцца 2059 сябраў, аб’яднанне мае 20 зарэгістраваных і пастаўленых на ўлік арганізацыйных структур, у тым ліку Мінскую гарадскую арганізацыю і 4 абласныя арганізацыі, 10 раённых і 5 гарадскіх аддзяленняў.
Прэс-служба Партыі БНФ