Міністр абароны Беларусі абвінаваціў Захад у „расхістванні сітуацыі” на постсавецкай прасторы



Нарошчванне заходнімі краінамі кааліцыйных ваенных патэнцыялаў пры актыўным пашырэнні ваеннай прысутнасці ЗША ў Еўропе з’яўляецца адной з асноўных крыніц пагрозы для краін Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ), заявіў на сённяшнім пасяджэнні Савета міністраў абароны АДКБ  у Душанбэ (Таджыкістан) кіраўнік ваеннага ведамства Беларусі Віктар Хрэнін.

Як паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны Беларусі, бакі сярод іншага абмеркавалі пытанні рэгіянальнай бяспекі і ўзаемадзеяння, абмяняліся меркаваннямі аб мерах па нейтралізацыі выклікаў і пагрозаў ваеннай бяспецы дзяржаў АДКБ.

Крыніцамі пагрозы для краін — удзельніц арганізацыі Хрэнін таксама назваў „неўрэгуляваныя ўзброеныя канфлікты”, у тым ліку ў Сірыі і Афганістане, і „высокі ровень міжнароднага тэрарызму і рэлігійнага экстрэмізму”.

Беларускае Радыё Рацыя