Міністр абароны Беларусі запрасіў казахаў на вучэнні „Захад-2021”



Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін на перамовах 3 жніўня ў Менску з першым намеснікам абароннага ведамства — начальнікам Генштаба Узброеных сіл Казахстана Муратам Бектанавым запрасіў казахстанскіх вайскоўцаў узяць удзел у беларуска-расейскіх стратэгічных вучэннях „Захад-2021”.

Як паведамляе прэс-служба Мінабароны Беларусі, на сустрэчы Хрэнін адзначыў „адзінства поглядаў” дзвюх краін на выклікі і пагрозы ва Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі, а таксама высока ацаніў узровень ваеннага супрацоўніцтва паміж Казахстанам і Беларуссю.

У межах візіту Мурат Бектанаў сустрэўся з начальнікам Генштаба — віцэ-міністрам абароны Беларусі Віктарам Гулевічам. Яны абмеркавалі „наяўны стан двухбаковага ваеннага супрацоўніцтва і акрэслілі шляхі яго інтэнсіфікацыі ў галінах, якія ўяўляюць узаемную цікавасць”.

„Асаблівая ўвага была нададзеная пытанням павелічэння колькасці і якасці сумесных мерапрыемстваў баявой падрыхтоўкі, пашырэнню кола спецыяльнасцяў па навучанні казахстанскіх спецыялістаў у ваенных навучальных установах Рэспублікі Беларусь, неабходнасці абмену досведам у патрыятычным выхаванні моладзі”, — адзначылі ў ваенным ведамстве.

Вучэнні „Захад-2021” пройдуць 10—16 верасня на тэрыторыі Беларусі і Расеі. Паводле інфармацыі Мінабароны Беларусі, манеўры прысвечаныя „прымяненню груповак войскаў (сіл) у інтарэсах арганізацыі ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы”. У іх аснову пакладзены „адзін з варыянтаў паэтапнай эскалацыі ваенна-палітычнага становішча вакол умоўных краін”.

Падчас вучэнняў мяркуецца „апрабаваць новыя спосабы сумесных дзеянняў зводных штурмавых падраздзяленняў на высока ўрбанізаванай мясцовасці; ацаніць эфектыўнасць новых і мадэрнізаваных узораў узбраення і ваеннай тэхнікі; пазычаць узрослы баявы досвед расійскіх афіцэраў і, выкарыстоўваючы яго, працягнуць удасканальваць формы і спосабы прымянення войскаў”.

Прадстаўнікі Літвы і Украіны неаднаразова выказвалі асцярогі ў сувязі з гэтымі вучэннямі.

У сваю чаргу міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін, выступаючы 23 чэрвеня на IX Маскоўскай канферэнцыі па міжнароднай бяспецы, заявіў, што вучэнні „Захад-2021” — гэта „не бразганне зброяй”, а „нармальная зваротная рэакцыя на беспрэцэдэнтны рост колькасці мерапрыемстваў аператыўнай падрыхтоўкі краін — членаў НАТА блізу нашых межаў”.

Апошні раз сумесныя стратэгічныя вучэнні „Захад” праводзілі ў верасні 2017 года на тэрыторыі Беларусі і заходніх абласцей Расеі. У манеўрах удзельнічала прыблізна 13 тыс. вайскоўцаў.

belapan.by