Міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу прыбыў у Менск з рабочым візітам



16 верасня ў Менск з рабочым візітам прыбыла расейская ваенная дэлегацыя на чале з міністрам абароны РФ генералам арміі Сяргеем Шайгу.

Як паведамляе прэс-служба Мінабароны Беларусі, мэта візіту — „абмеркаванне пытанняў двухбаковага ваеннага супрацоўніцтва”.

 

Напярэдадні ў Беларусь прыбылі расейскія вайскоўцы для ўдзелу ў сумесных тактычных вучэннях „Славянскае братэрства — 2020”. Падраздзяленні 76-й гвардзейскай дэсантна-штурмавой дывізіі Паветрана-дэсантных войскаў Узброеных сіл Расеі знаходзяцца на Берасцейскім палігоне. Ад Узброеных сіл Беларусі ў вучэннях бяруць удзел вайскоўцы 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады сіл спецыяльных аперацый. Усяго ў практычных дзеяннях будзе задзейнічана да 1.500 вайскоўцаў, звыш 150 адзінак авіяцыйнай, баявой і спецыяльнай тэхнікі.

Пасля завяршэння вучэнняў расейскія вайскоўцы вернуцца на радзіму, адзначылі ў абаронным ведамстве.

„Славянскае братэрства” — сумесныя беларуска-расейска-сербскія вучэнні, якія па чарзе праходзяць на тэрыторыі кожнай з краін. Аднак у гэты раз сербскія вайскоўцы не ўдзельнічаюць у іх. Прычынай стала прынятае ўрадам Сербіі 9 верасня рашэнне прыпыніць удзел ва ўсіх сумесных ваенных манеўрах і аперацыях на шэсць месяцаў. Як паведамляе прэс-служба Мінабароны Сербіі, кіраўнік ваеннага ведамства Аляксандр Вулін заявіў пасля пасяджэння ўрада, што краіна знаходзіцца „пад жахлівым і незаслужаным націскам з боку Еўрапейскага саюза”, які запатрабаваў адмовіцца ад сумесных ваенных вучэнняў з Беларуссю.

belapan.by