Міністр інфармацыі прапанаваў пазбаўляць права выбара беларусаў з відам на жыхарства іншых краін
У эфіры тэлеканала «Беларусь 1» міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў выказаўся за тое, каб абмяжоўваць правы беларусаў, што маюць віды на жыхарства, карты паляка і нават пашпарты іншых краін.

Нядаўна дэпутат Ігар Хлабукін, які ў мінулым быў спецыялістам па пажарнай бяспецы, лічыць, што карту паляка заканадаўча патрэбна прыраўняць да другога пашпарта.
Міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў пайшоў далей, ён прапанаваў пазбаўляць права галасаваць і тых, хто мае карту паляка, і беларусаў з відам на жыхарства, і тых, хто мае дадатковае грамадзянства іншай краіны.
«Людзі, што валодаюць відамі на жыхарства, картамі паляка, пашпартамі іншых дзяржаў, павінны быць абмежаваныя ў правах на тэрыторыі Беларусі, — заявіў ён. — Менавіта той, хто пражывае больш, чым паўгады ў іншай краіне і з’яўляецца падатковым рэзідэнтам іншай краіны, там будуе нейкае грамадства, туды плаціць падаткі, атаясамлівае сваю нейкую жыццядзейнась з той краінай, тут па крайняй меры, не можа галасаваць, быць выбраным, бо ён залежыць ад іншай дзяржавы», — выказаў сваё меркаванне Уладзімір Пярцоў.
Адзначым таксама, што Расея не першы год заяўляе, што хоча стварыць свой аналаг — картку рускага, якую збіраюцца выдаваць былым суайчыннікам па СССР. Такая картка будзе даваць шэраг прывілеяў — ад бясплатнага навучання ў ВНУ да льгот на праезд у грамадскім транспарце.
Паводле “Наша Ніва”
