Міністр Марыюш Каміньскі правёў прэс-канферэнцыю каля плоту на польска-беларускай мяжы



Жыхары Падляшша сёння знаходзяцца і далей будуць у бяспецы – запэўніў у Крынках міністр Марыюш Каміньскі.

Пад плотам, які падзяляе польска-беларускую мяжу, прайшла прэс-канферэнцыя, у час якой Марыюш Каміньскі падкрэсліў, што прадстаўнікі пагранічнай службы, войска і паліцыі вельмі добра падрыхтаваныя.

Міністр таксама спаслаўся на правакацыі, звязаныя з групай „Вагнер”, запэўніўшы, што Польшчы з іх боку нічога не пагражае.

Шэф Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі, якая займаецца справамі нацыянальных меншасцяў, звярнуўся таксама да беларусаў Падляшша.

Акурат так склалася, што наша беларуская меншасць, каля 50 тысяч нашых грамадзянаў, пражываюць на Падляшшы. Хачу ім пераказаць вельмі сардэчнае прывітанне. Хачу каб памяталі, што яны з’яўляюцца такімі ж грамадзянамі, як іншыя. Вельмі хочацца, каб павялічаную колькасць службовых асобаў і вайскоўцаў, якія зараз тут знаходзяцца, мясцовыя жыхары трактавалі як сваіх вайскоўцаў. А калі ў жыхароў Падляшша ёсць нейкія праблемы, то нашыя службовыя асобы і вайскоўцы могуць ім дапамагчы ў самых складаных сітуацыях.

У прэс-канферэнцыі прынялі таксама ўдзел Галоўны камандуючы Пагранічнай службай генерал-маёр Томаш Прага і Камендант аддзела Падляшскай памежнай аховы генерал Анджэй Якубашэк.

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя